Ваенныя ўлады Мʼянмы пакаралі сьмерцю чатырох дэмакратычных актывістаў, якіх абвінавацілі ў садзейнічаньні зьдзяйсьненьню «тэрарыстычных актаў», заявілі ў панядзелак дзяржаўныя СМІ.
Размова ідзе аб першых пакараньнях у гэтай краіне Паўднёва-Ўсходняй Азіі за некалькі дзесяцігодзьдзяў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Прыгавораных да сьмерці ў студзені на закрытым судовым працэсе чатырох мужчын абвінавацілі ў дапамозе апалчэнцам у барацьбе з арміяй, якая захапіла ўладу ў выніку перавароту летась і разьвязала кампанію крывавых рэпрэсій супраць сваіх апанэнтаў.
Урад нацыянальнага адзінства (ПНЕ) Мʼянмы, ценявая адміністрацыя, абвешчаная кіроўнай вайсковай хунтай па-за законам, асудзіла паведамленьні аб пакараньнях.
«Мы вельмі засмучаныя... Асуджаем жорсткасьць хунты самай рашучым чынам, калі гэта сапраўды так», — заявіў Reuters прадстаўнік офісу старшыні ПНЕ Чо Зо.
«Сусьветная супольнасьць павінна пакараць іх жорсткасьць», — дадаў ён.
Сярод пакараных сьмерцю — дэмакратычны дзеяч Чо Мін Ю, таксама вядомы як Джымі, і былы заканадаўца і выканаўца гіп-гопу Зэя То, паведаміла газэта Global New Light of Myanmar. Іх апэляцыя на прысуд не была задаволеная. Іншыя пакараныя — гэта Гла М’ёў Аўнг і Аўнг Тура Зо.
Жонка Зэя То заявіла, што ёй не паведамілі пра пакараньне сьмерцю мужа. Іншыя сваякі не былі даступныя для камэнтароў.
Чацьвёрцы выставілі абвінавачаньні ў адпаведнасьці з законам аб барацьбе з тэрарызмам, і прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў адпаведнасьці з турэмнай працэдурай, паведаміла дзяржаўная газэта, не ўдаючыся ў дэталі. Папярэднія пакараньні ў Мʼянме праводзіліся праз павешаньне.
Па дадзеных Асацыяцыі дапамогі палітычным зьняволеным, апошнія судовыя пакараньні ў Мʼянме праводзіліся ў канцы 1980-х.
Прадстаўнік вайскоўцаў не адказаў на тэлефонныя званкі, калі да яго хацелі зьвярнуцца па камэнтар.
У чэрвені прадстаўнік вайскоўцаў Зо Мін Тун заявіў, што сьмяротны прысуд зьяўляецца апраўданай мерай.
«Прынамсі 50 нявінных грамадзян, уключаючы супрацоўнікаў службаў бясьпекі, загінулі празь іх», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні будыйскіх манахаў зьбеглі з двух буйных гарадоў М’янмы пасьля баёў урадавых сілаў з паўстанцамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэрку дэмакратаў М’янмы Аўн Сан Су Чжы асудзілі на 4 гады, адразу часткова памілавалі і скарацілі прысуд