У Мюнхэне вандалы апаганілі магілу Сьцяпана Бандэры. ФОТА

Сьцяпан Бандэра за год да забойства агентам КДБ

На могілкі прыехала паліцыя. Як вынікае з надпісаў і выяваў на крыжы, гэта акцыя ультралевых сілаў.

Магіла славутага дзеяча Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН, па-ўкраінску ОУН) Сьцяпана Бандэры на цьвінтары Вальдфрыдгоф у нямецкім Мюнхэне пацярпела ад вандалізму. Невядомыя фарбаю размалявалі хрысьціянскі крыж над пахаваньнем.

Пра гэта напісаў дзяяч Рады БНР Алесь Чайчыц, які акурат прыйшоў на гэтыя могілкі.

Апаганеная магіла Бандэры ў Мюнхэне, ліпень 2022

Як вынікае з нанесеных выяваў, у тым ліку камуністычнага сымбалю «серп і молат», вандалізм учынілі ўльтралевыя актывісты. Паліцыя высьвятляе абставіны здарэньня.

Сьцяпан Бандэра, які з 1940 году і да самай гібелі ўзначальваў АУН, апошнія гады жыцьця правёў у Мюнхэне. 15 жніўня 1959 году агент КДБ Багдан Сташынскі стрэлам цыяніду калію забіў Бандэру ў пад’езьдзе на вуліцы Крайтмайр, 7. Дэталі забойства і датычнасьць да яго савецкага КДБ высьветліліся пасьля таго, як Сташынскі разам з жонкай уцёк на Захад, дзе прызнаўся ўва ўсім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна адмаўляецца ад усяго, што зьвязана з Расеяй». Як зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да расейцаў, вайскоўцаў і Бандэры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя размалявалі таблічкі на крыжах у Курапатах