Новая зямля. «Мне прапанавалі працу за 1500 злотых, а за кватэру трэба плаціць 2100». Як беларусы ўладкоўваюцца ў Польшчы

Праект «Новая зямля». Як беларусы ўладкоўваюцца ў Польшчы

Павал жыве ў сталічнай кватэры, якую раней наймалі толькі беларусы, Ірына аддае за арэнду больш, чым можа зарабіць, а Гражына плаціць толькі за камунальныя паслугі (і гэта нямала). Гэта тры гісторыі беларусаў, які цяпер жывуць у Варшаве, Гдыні і Беластоку.

Расказваем пра жытло ў Польшчы, ягоныя кошты, наколькі яго лёгка знайсьці пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне і чым польскі побыт адрозьніваецца ад беларускага.

У пэрыяд масавай міграцыі беларусаў Свабода публікуе праект «Новая зямля» пра беларусаў, якія цяпер не ў Беларусі. Гэта не інструкцыя па пераезьдзе, а спроба расказаць, як жывуць і з чым у побыце сутыкаюцца людзі, якія выехалі за межы радзімы, але не перасталі быць беларусамі.

Нашыя героі расказваюць, што знайсьці жытло ў Польшчы — той яшчэ квэст. Пасьля пачатку вайны сюды масава паехалі ўкраінцы і беларусы. Варшава і Кракаў амаль адразу заявілі пра перанасычанасьць уцекачамі, таму людзі паразьяжджаліся па краіне.

Хтосьці ўсьцяж канкуруе за месца ў сталіцы зь сярэднімі цэнамі 1000 даляраў за кватэру, кагосьці вабіць мора, некаторыя спыніліся ў вёсцы ў гарах, частка асядае на Падляшшы, бо адтуль «відаць радзіма».

Калі раней беларусы маглі спакойна выбіраць і таргавацца, то цяпер яны не пасьпяваюць за абвесткамі на кватэры, бо тыя становяцца неактуальнымі, ледзь зьявяцца на сайце.

Арандадаўцы ў Польшчы прызнаюцца, што раней па абвестцы маглі пазваніць 2–3 чалавекі, цяпер жа на адну кватэру прэтэндуе тысяча чалавек — столькі паведамленьняў атрымаў уласьнік адной з кватэр.

«Дзесяць гадоў у кватэры жылі толькі беларусы»

Паўлу каля 30 гадоў. Апошнім часам ён жыў у Менску, працаваў у лягістыцы. Пераехаў у Польшчу разам з жонкай і катом год таму пасьля арышту і «содняў». У Польшчы працуе ў сваёй ранейшай фірме па рэлякацыі.

Яны пасяліліся ў раёне Новы Макотаў у Варшаве, гэта амаль цэнтар, мэтро каля дому. Кватэра двухпакаёвая, плошча 50 квадратаў, асобныя гасьцёўня, спальня, кухня, прыбіральня.

«У нас нецікавая гісторыя. Мы не шукалі кватэру, не тэлефанавалі гаспадарам. Мой прыяцель, які ўжо 10 гадоў жыве ў Варшаве, прапанаваў мне кватэру, якую калісьці сам наймаў. Зь яе акурат высяляліся чарговыя людзі.

Мне кватэра спадабалася, яна старая, але даволі вялікая. Пасьля арышту мне не хацелася нічога шукаць, таму я адразу пагадзіўся на гэтае жытло.

Калісьці тут жыла маці гаспадара. Калі яна памерла, то мой прыяцель — першы, хто жыў тут 10 год таму. Акрамя беларусаў, у ёй ніхто ня жыў ніколі. Гаспадар нават ня ведае, як шукаць кватарантаў, як выстаўляць яе на OLX (эўрапейскі аналяг беларускага «Из рук в руки»).

Кошты. Мы плацім 2000 злотых (каля $500) за арэнду, плюс за камунальныя паслугі 300–350 злотых ($80).

Ужо ў гэтым месяцы гаспадар будзе павышаць цану на 400 злотых (каля $100) — бо ў Польшчы інфляцыя. Ён папярэджваў пра павышэньне яшчэ год таму. Вайна тут ні пры чым, хоць ён сапраўды мог бы здаваць сваю кватэру даражэй, бо попыт пасьля пачатку вайны рэзка павялічыўся.

Яшчэ да вайны частка палякаў адмаўлялася здаваць кватэры непалякам. Але я не сутыкаўся з тым, каб не здалі жытло менавіта таму, што беларус.

Пасьля пачатку вайны знаёмыя шукалі кватэру па 1–2 месяцы. Некаторыя не знаходзілі і вярталіся ў Беларусь.

Год таму «кавалерка» (так у Польшчы называюць кватэру-студыю, дзе пакой сумешчаны з кухняй) у Варшаве памерам 19–20 «квадратаў» каштавала 1700–1800 злотых ($450), двухпакаёўка — 2500–2700 ($650) злотых. Цяпер нармальную двухпакаёўку можна знайсьці за 3500 злотых ($900).

Прыкладам, цяпер мой знаёмы на Празе Паўднёвай (гэта, прабачце, «чыгіры») будзе плаціць 5000–5500 ($1300) злотых за досыць вялікую кватэру, але там няма мэтро. Задатак у яго ўзялі як суму арэнды за 2 месяцы, то бок плюс 10–11 тысяч злотых ($2500). Агулам ён меўся заплаціць адразу 4 тысячы даляраў. Задатак могуць не вярнуць, калі нешта ў кватэры будзе пашкоджана пры высяленьні.

Адметнасьці кватэры. Мы жывем у квартале, дзе жылі вайскоўцы. Дамы будавалі ў 1950–1960-я гады. Наш дом пяціпавярховы, ліфта няма, але ёсьць вельмі глыбокі падвал. Калі будзе ядзерны ўдар, то можна будзе схавацца.

Надзіва тоўстыя сьцены. Калі была сьпёка, то ў нас было прахалодна, хоць мы ня маем кандыцыянэра. Каб кватэра праветрылася і прагрэлася, то трэба адчыніць усе вокны і дзьверы надоўга. Падобная таўшчыня сьценаў у старых будынках у цэнтры Горадні.

Туалет вельмі цікавы, ён ідзе разам з душам. Як у старых савецкіх кватэрах, таксама ёсьць вакенца пад стольлю, якое выходзіць на кухню.

У нас няма балькона, толькі францускі, то бок адчыняеш дзьверы — і там невялікія краты. Хоць мы жывем у цэнтры, мы ня чуем шуму, бо вокны выходзяць у ціхі зялёны двор.

Камунальныя паслугі. Тут па-іншаму працуюць камунальныя паслугі. У Польшчы досыць кепскі інтэрнэт. Ня ўсе фірмы яго могуць правесьці, залежыць ад раёна. На першым часе ў нас рэгулярна зьнікаў інтэрнэт на 15–20 хвілін.

Калі нам трэба было падключыць пральную машыну, майстру не ўдавалася паставіць яе акуратна. Дык ён паставіў як атрымалася, сказаў, што яго чакаюць іншыя кліенты, і зьехаў. «Пішыце скаргу».

Тут вельмі часта правяраюць усе лічыльнікі, штомесяц. А ў нас «беларускі сындром», калі грукаюць у дзьверы, то дзіўныя адчуваньні. Звычайна яны пішуць абвесткі на ўваходных дзьвярах, што прыйдуць правяраць.

Раён. Раён Макотаў дзеліцца на «Стары» і «Новы». Новы Макотаў — гэта прывабныя чатырохпавярховыя домікі са шкла, з балькончыкамі і выхадамі на газоны, але яны аднолькавыя, і вакол іх нічога цікавага няма.

Наш Стары Макотаў крыху недагледжаны, сьмецьця больш, побач ня вельмі прывабны рыначак, машыны паркуюць дзе хочуць. Але інфраструктура такая, што ты выходзіш, і паўсюль ёсьць куды пайсьці: кавярні, рэстарацыі розных кухняў. У радыюсе 500 мэтраў я яшчэ ня ўсе кавярні наведаў, так іх шмат. Клясная традыцыя, калі на выходных у раён прыяжджаюць фуд-тракі японскай або тайскай кухні, яны ладзяць майстар-клясы. У Сухараве, каб пайсьці кудысьці на раёне, трэба было пастарацца. У нас была піцэрыя і KFC або Burger King, а далей ты едзеш на Кастрычніцкую ў цэнтар.

Раней я думаў, што Варшава бэтонная, а цяпер я бачу, што яна вельмі зялёная. У Менску я жыў у Сухараве. Там усе дарогі голыя, дождж, сьнег, усё табе ў твар, няма ценю, калі сонца, вецер усё вырываў з рук. У Варшаве — сквэры, паркі, пляцоўкі для дзяцей.

У Менску я ніколі ня бачыў так добра ўладкаваных дзіцячых пляцовак. Калі б я трапіў сюды дзіцем, то здурэў бы ад радасьці. Гэтая пляцоўка за 50 мэтраў ад нашага дому, і там ёсьць усё: ад сталоў для пінг-понгу да баскетболу, ад павуцінак-лябірынтаў да вулічных музычных інструмэнтаў кшталту барабанаў, нацягнутыя гамакі, горкі, скейт-пляцоўка. Гэта ўсё адкрыта і бясплатна».

Гдыня: «Плата за кватэру 2100 злотых, а мне прапанавалі працу за 1500 злотых у месяц»

Ірына* (імя зьмененае на просьбу гераіні) у Беларусі працавала цырульніцай. Год таму яна зьехала зь Беларусі разам з дачкой-школьніцай праз страх перасьледу. Жыла і працавала цырульніцай у Кіеве.

Сёлета 24 лютага яны з дачкой і групай іншых беларусаў паехалі ў Польшчу. Дабіраліся 4 дні.

Спачатку жылі ў інтэрнаце ў Сопаце, які дапамаглі знайсьці знаёмыя беларусы, што пераехалі ў Польшчу раней. Са словаў Ірыны, інтэрнат прызначаны толькі для жыцьця ў сэзон, «пабудаваны з палак», там холадна. Улетку месца ў ім каштуе 40 эўра. За паўтара месяца нагрэлі ацяпленьня на 3 тысячы даляраў, гэтую суму таксама дапамагала заплаціць дыяспара.

У інтэрнаце яны пражылі месяц, а потым знайшлі маленькую кватэру ў Гдыні. «Гэта не кватэра, а каморка». Кажа, што жытло знайсьці было цяжка. Гаспадары не хацелі ёй здаваць кватэру, бо яна беларуска, аднак за яе папрасілі палякі, якія дапамагаюць уцекачам як валянтэры.

Гэта «кавалерка» плошчай 19 квадратаў. Заключыла дамову на арэнду кватэры на год.

У Польшчы кватэры зазвычай меншыя, чым у Беларусі, як аднапакаёўкі, так і двух- і трохпакаёўкі. Пакой можа быць такога памеру, што там зьмяшчаецца толькі ложак амаль упрытык да сьцен.

За месяц у Ірыны за жыльлё выходзіць каля 2100 злотых (каля $500): 1500 злотых — арэнда, і 600 злотых — камунальныя паслугі.

«Гэта мой боль. Гэта вельмі дорага. Я жартую, чаму ўнітаз недзе ня ў цэнтры паставілі. Ад прыбіральні адна назва. Там няма выцяжкі, акенца адтуль выходзіць у пакой. Кухня месьціцца ў пакоі, там няма духоўкі, выцяжкі, няма пасудамыйкі, вельмі малая лядоўня без маразільніка, я нават не магу прыгатаваць на запас, бо няма дзе захоўваць ежу. Тут усё такое маленькае», — расказвае суразмоўца.

Яна сама купляла ў кватэру пральную машыну і канапу.

На адным паверсе гэтага дома — пяць такіх «каморак». Суседзі кураць дома, праз кепскую выцяжку дым трапляе і да Ірыны, ёй цяжка пераносіць гэты пах. Таксама да суседзяў прыходзяць бяздомнікі.

«Калі суседзі рэдка мыюць бялізну, рэдка прыбіраюць, яшчэ і кураць, то ты жывеш быццам на сьметніку», — кажа яна.

Жанчына хацела б пераехаць у іншае жытло і нават у іншы горад — у Познань. Аднак дамова заключана на год. Калі яна зьедзе, то страціць задатак у $500, які тут прынята даваць пры арэндзе (ён звычайна роўны кошту месяца арэнды), а таксама будзе абавязаная плаціць поўную суму арэнды да канца году.

Цяпер у Гданьску жытло яшчэ даражэйшае, чым у Ірыны. Маленькая кватэра абыдзецца ў 2300–2700 злотых. Да вайны невялікую трохпакаёўку можна было наняць за 1800 злотых разам з камунальнымі.

«Тым, хто прыехаў сюды ў лютым-сакавіку, яшчэ можна было штосьці знайсьці. Цяпер вельмі цяжка, хіба выпадкова», — тлумачыць жанчына.

Адметнасьць Труймяста (Гданьск — Сопат — Гдыня) тут шмат беларусаў. У мясцовасьці была вялікая дыяспара яшчэ да падзеяў 2020 году і да вайны.

Ірыне плаціць за кватэру дапамагаюць сваякі, бо цяпер яна ня мае сталай працы. Ва Ўкраіне ў ейнай дачкі дыягнаставалі хваробу, пры якой яна ня можа пакідаць дзяўчынку надоўга адну. У салёне прыгажосьці, які трымаюць беларусы, ёй прапанавалі працу на поўную стаўку за 1500 злотых. Аднак праз дачку яна перайшла на асобныя замовы, што таксама амаль не прыносіць прыбытку.

Беласток: «У Польшчы амаль ні ў кога няма ваннаў, паўсюль душавыя кабіны»

Гражына пераехала разам з мужам і сынам-школьнікам у Беласток больш за год таму дзеля лепшага эканамічнага становішча. Муж заняты на будоўлі. Яна робіць кандытарам у кавярні.

Беласток

Кватэру яны наймаюць у знаёмых і плацяць толькі за камунальныя паслугі каля 600 злотых ($150).

«Год таму шукаць жытло было вельмі лёгка. Праўда, тут цэны на жытло высокія ў параўнаньні зь невысокімі заробкамі, у Варшаве, прыкладам, больш выгаднае суаднясеньне „арэнда кватэры — заробак“.

Цяпер ня вельмі дагледжаная кватэра ў Беластоку або вельмі малая будзе каштаваць 1600–1800 злотых без камунальных. З рамонтам, больш акуратная двухпакаёўка — 2300 злотых. „Кавалерка“ з добрым рамонтам можа каштаваць 2000 злотых. Год таму „двушку“ можна было знайсьці за 1500 злотых. Як прыехалі ўкраінцы, кошты пайшлі ўверх.

Ня ўсе хочуць здаваць жытло іншаземцам, гэта можа быць адразу пазначана ў абвестцы. Цяпер просяць паказаць дамову аб працы, каб упэўніцца, што чалавек будзе здольны плаціць. Ня надта хочуць здаваць людзям з катамі-сабакамі, таксама ня ўсе здаюць людзям зь дзецьмі.

Каб купіць сваё жытло, трэба касьмічныя грошы. Новая кватэра будзе каштаваць 500 тысяч злотых, другасны рынак — 380 тысяч злотых. У Беларусі за такія грошы можна пабудаваць добры дом.

Беласток

У новых дамах тут чуваць суседзяў яшчэ лепш, чым у Беларусі. Калі стары дом, то нічога ня будзеш чуць.

У Беларусі мы прывыклі, што камунальныя паслугі вельмі танныя: лі ваду, колькі хочаш, палі сьвятло, колькі хочаш. Той, хто ня ведае пра цэны на „камуналку“ ў Польшчы, можа за першы месяц заплаціць вялікую суму і пачынае эканоміць. Таму ў Польшчы амаль ніхто ня мае ваннаў, паўсюль стаяць душавыя кабіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагія цукар і алей, танныя клубніцы і памідоры». Колькі каштуе беларусам жыць у Батумі