Як будзе дзейнічаць закон аб завочных судах, расказаў на СТВ намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі, старшыня судовай калегіі крымінальных справаў Сяргей Кандрацьеў.
Новы закон датычыць паўналетніх грамадзян Беларусі, якія зьехалі з краіны і супраць якіх завялі крымінальныя справы за ўчынкі «у асноўным падчас пратэставых падзеяў 2020 году».
Органы, якія вядуць крымінальны перасьлед, будуць інфармаваць такіх людзей пра пачаты працэс і запросяць іх вярнуцца дадому. На завочным працэсе ў такога падсуднага абавязкова будзе адвакат. Якім будзе прысуд, асуджанаму таксама абяцаюць паведаміць. Ён будзе мець права абскардзіць рашэньне суду.
Адна з мэтаў завочных працэсаў — «кампэнсаваць шкоду», якую чалавек нібыта нанёс дзяржаве. Таму падчас завочных судоў плянуюць рабіць маёмасныя спагнаньні, у тым ліку канфіскоўваць маёмасьць.
Калі чалавек прыме запрашэньне і вернецца ў Беларусь, то працэс пойдзе ў звычайным вочным фармаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дазволіў завочна караць за «экстрэмізм», заклікі да санкцый і ўдзел у масавых беспарадках21 ліпеня Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», паводле якога ўводзіцца інстытут «спэцыяльнага вядзеньня» — так званыя завочныя суды. Крымінальныя справы змогуць разглядаць, нават калі абвінавачаны за мяжой.
Судзіць завочна змогуць па 48 артыкулах (злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва, супраць дзяржавы, шэрагу іншых злачынстваў, зьдзяйсьненьне якіх нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы).