Справа «Белаўтадору» ва Ўкраіне: суд адмовіў сьледзтву ў канфіскацыі трох асфальтабэтонных заводаў, якія лічылі беларускімі

Ілюстрацыйнае фота

Заводы знаходзяцца ў Кіеве, Мікалаеўскай вобласьці і Жытомірскай вобласьці.

Адзін з раённых судоў Кіева адмовіў сьледзтву ў канфіскацыі трох асфальтабэтонных заводаў, якія былі арыштаваныя як уласнасьць украінскай дачкі «Белаўатадору» ў крымінальнай справе праз падазрэньне ў прысвойваньні дзяржаўных сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва і рамонт дарог, а таксама магчымага фінансаваньня дзеяньняў для захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, сьледзтва прасіла суд перадаць гэтую маёмасьць агенцтву АРМА, якое займаецца кіраваньнем сканфіскаванай маёмасьцю.

Мова ідзе аб асфальтабэтонных заводах, якія выкарыстоўвалі беларускія дарожнікі ў часе рамонту і будаўніцтва дарог ва Ўкраіне. Яны знаходзяцца ў Кіеве, Ачакаве Мікалаеўскай вобласьці і Васьковічах Жытомірскай вобласьці.

Усе гэтыя заводы былі арыштаваныя ў красавіку разам з 60 адзінкамі будаўнічай тэхнікі, якія належалі тром беларускім кампаніям — дарожна-будаўнічаму трэсту № 2 (Гомель), трэсту № 4 (Берасьце) і будаўніча-мантажнаму трэсту № 8 (Менск).

«Ніякіх доказаў на пацьвярджэньне права ўласнасьці ТАА «Супольнае ўкраінска-беларускае прадпрыемства „Белавтодор-Україна“ на згаданыя асфальтабэтонныя заводы пракурор не дадаў», — адзначаецца ў судовым рашэньні.

У той жа час прадстаўнік украінскай дачкі беларускай кампаніі паведаміў у судзе, што арыштаваныя заводы выкарыстоўваліся на падставе пагадненьняў аб арэндзе і доступе, а належаць яны некалькім украінскім прадпрыемствам.
Згодна з пастановай судзьдзі, сьледзтва ўжо ня можа аспрэчыць ухваленае рашэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне сканфіскавалі тэхніку трох беларускіх дарожна-будаўнічых трэстаў

25 траўня стала вядома аб канфіскацыі 60 адзінак будаўнічай тэхнікі, якія належалі тром беларускім кампаніям — дарожна-будаўнічаму трэсту № 2 (Гомель), трэсту № 4 (Берасьце) і будаўніча-мантажнаму трэсту № 8 (Менск).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне

Але справу завялі яшчэ 9 красавіка — па факце прысвойваньня дзяржаўных сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва і рамонт дарог, а таксама магчымага фінансаваньня дзеяньняў для захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (ч. 5 артыкулу 191, ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Асобна ў матэрыялах справы адзначаецца, што кампанія яшчэ да пачатку вайны вывела з Украіны ўсе свае актывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дылер МАЗ ва Ўкраіне праз суд скасаваў арышт сваіх рахункаў