Агульная сума пазову за гэты эпізод — 23 582 рублі 90 капеек. Канчатковае паседжаньне па эпізодзе прызначана на 9 жніўня на 12.00 гадзін, паведаміла Свабодзе жонка Алега Грузьдзіловіча Мар'яна.
«Пазоўніца назвала некалькіх людзей, якія ўжо чамусьці выплацілі вельмі малыя сумы. Нават ёсьць 1 рубель з капейкамі, 10 рублёў і г.д., — расказала Мар’яна Грузьдзіловіч. — Таксама судзьдзя Фралова зачытала, што Алег папярэджаны аб гэтым паседжаньні і што ён паведаміў, што не прызнае сваёй віны, паколькі не перашкаджаў руху транспарту, а працаваў там як журналіст і ў яго было пасьведчаньне газэты „Народная Воля“».
Алег Грузьдзіловіч як журналіст асьвятляў акцыі пратэсту ў 2020 годзе, пакаралі яго як удзельніка паўтара гадамі зьняволеньня, а «Менсктранс» запатрабаваў ад яго кампэнсацыі за спынены рух транспарту.
Агулам «Менсктранс» выставіў Алегу Грузьдзіловічу, які адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, тры грамадзянскія пазовы — на агульную суму 56 979 рублёў 68 капеек.
15 ліпеня ў Заводзкім раённым судзе «Менсктранс» фактычна адмовіўся ад часткі свайго грашовага патрабаваньня.
Наступнае паседжаньне, дзе разгледзяць яшчэ адзін пазоў «Менсктрансу» да Грузьдзіловіча, пройдзе ў Фрунзэнскім судзе Менску 25 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» адмовіўся ад часткі грашовых прэтэнзій да зьняволенага журналіста Свабоды Алега ГрузьдзіловічаПерасьлед Алега Грузьдзіловіча
3 сакавіка 2022 году журналіста Свабоды асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч.1 КК) летам і ўвосень 2020 году. Нібыта Алег спыніў грамадзкі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка — на вуліцы Кальварыйскай, і 18 кастрычніка — на Партызанскім праспэкце.
Жонка Алега Грузьдзіловіча Мар’яна зьвяртала ўвагу на тое, што 16 жніўня, калі ў Менску адбылася самая шматлюдная акцыя, плошча Незалежнасьці яшчэ з 10-й раніцы была агароджаная турнікетамі.
«Грамадзкі транспарт на праспэкце Незалежнасьці ў той дзень прэвэнтыўна быў спынены не дэманстрантамі, а менавіта гарадзкімі ўладамі. Алегу інкрымінуюць, што ён спыніў транспарт на цэлы дзень — з 10-й да 20-й гадзіны, а ён там знаходзіўся прыкладна а 16-й гадзіне. Прычым на абсалютна законных падставах — як акрэдытаваны карэспандэнт Радыё Свабода».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш ня шлі мне канвэрты». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч з пачатку чэрвеня ўжо двойчы трапляў у ШЫЗА