Уначы ў самым цэнтры Старога горада ў Кракаве адбылося сьмяротнае пабіцьцё. Загінуў малады чалавек, як пазьней высьветлілася — 29-гадовы беларус, які некалькі гадоў працаваў у Польшчы. Ягонае цела каля трох гадзін ночы ўбачыў мінак, які і выклікаў паліцыю, паведамляе польскі сайт Rmf24.pl.
Патруль, які прыбыў першым, спрабаваў рэанімаваць мужчыну, аднак прыкмет жыцьця ён не падаваў. Празь некаторы час прыехала і хуткая дапамога, лекар канстатаваў сьмерць. На целе мужчыны былі пашкоджаньні.
Паліцыя выйшла на відавочцаў здарэньня. На падставе іх паказаньняў і запісу маніторынгу яна ўстанавіла, што 29-гадовы беларус атрымаў удар і ўпаў, а злачынец уцёк.
Як паведаміла газэта Wyborcza, у забойстве беларуса ў цэнтры Кракава абвінавачваюць двух чалавек. Яны працавалі ахоўнікамі ў адной з установаў, каля якой знаходзіўся беларус. Адзін з абвінавачаных заявіў, што на вуліцы «была група агрэсіўных мужчын» і ён «хацеў навесьці парадак». Пракуратура ў Кракаве выставіла абвінавачаньне ў забойстве 59-гадоваму Яцэку Х.: менавіта ягоны ўдар па твары беларуса зафіксавалі гарадзкія камэры відэаназіраньня, і ён аказаўся сьмяротным. Яцэк Х. у мінулым — вядомы кракаўскі баксэр.
Таксама пракуратура прад’явіла абвінавачаньні 40-гадоваму Пятру В., які таксама працаваў ахоўнікам і датычны да зьбіцьця. Мужчына нанёс першы ўдар беларусу. Пасьля інцыдэнту Яцэк Х. спрабаваў уцячы з Кракава, але яго затрымалі супрацоўнікі паліцыі. Мужчыну, які дапамагаў Яцэку Х. уцячы, затрымалі па абвінавачаньні ў дапамозе. Яцэк Х. арыштаваны на тры месяцы. Яму пагражае ад 5 да 25 гадоў турмы ці пажыцьцёвае зьняволеньне. Пятру В. пагражае да трох гадоў турмы.
RMF24 паведамляе, што па справе праходзяць пяцёра пацярпелых, якія знаходзіліся ў ноч забойства разам з 29-гадовым беларусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гданьску напалі з нажом на беларуса