«Ня можа сядзець». Мікола Аўтуховіч трымае «сухую галадоўку» адзінаццаты дзень

Мікола Аўтуховіч, архіўнае фота

Прадпрымальнік з Ваўкавыску 11 дзён ня есьць і ня п’е. Ён ужо ня можа сядзець, ягоны стан блізкі да крытычнага.

Як стала вядома Свабодзе, Мікола Аўтуховіч сёньня прысутнічаў на судовым паседжаньні ў будынку горадзенскай турмы. Яму па-ранейшаму выдзяляюць у залі асобную цесную клетку. Ён выглядае кепска.

На пытаньне, ці можа ён сядзець, падсудны адказаў, што здолее, калі паляжыць 15 хвілін, а інакш ня можа. На пытаньне, ці патрэбны яму лекар, вязень адказаў, што той усё роўна нічым ня здолее дапамагчы. Лекар заявіў, што Аўтуховіч выглядае адпаведна чалавеку, які галадае без вады 11-ы дзень.

У судзе абвясьцілі перапынак да панядзелка, гэта будзе 15-ы дзень галадоўкі, калі Мікола не пачне піць і есьці.

Учора стан Аўтуховіча рэзка пагоршыўся: узмацніліся болі ў жываце, пачалася рэзь, стаў надта часты пульс. Лекар агледзеў яго і паведаміў, што патрэбны дадатковы агляд. У судзе праз гэта зрабілі перапынак. Але ўрэшце вязьню не дапамаглі. Укол, які яму рабілі ўчора перад паседжаньнем, не палепшыў ягонае адчуваньне.

Цяпер ён у карцары, дзе няма ложка, а нары могуць апусьціць толькі на ноч (гэтае правілы не заўжды выконваюць для «палітычных»). Заўтра ён мае перайсьці ў звычайную камэру.

Раней стала вядома, што Аўтуховіч моцна абязводжаны, у яго перасохлі вусны і язык, ад яго ідзе моцны пах ацэтону.

Мікола Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваньнем толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставаньне нават са старой маці.

Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.

Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае зьняволеньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Аўтуховіч трымае «сухую галадоўку» дзясяты дзень. Яго прыводзяць на судовыя паседжаньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа Аўтуховіча». Пацярпелы, былы міліцыянт, ацаніў свае маральныя пакуты ў 15 000 рублёў

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.