Паводле Пуціна, на наступным тыдні расейскі газавы манапаліст «Газпром» адправіць на рамонт агрэгат, які перапампоўвае газ, пасьля чаго магутнасьць «Паўночнага патоку» зьнізіцца да 30 мільёнаў кубамэтраў за дзень. Гэта 1/5 ад яго праектнай магутнасьці. Расейскі прэзыдэнт заявіў, што пастаўкі можна будзе ўтрымліваць на большым узроўні, калі Нямеччына перадасьць Расеі турбіну, якая затрымлівалася Канадай з прычыны санкцый.
Пры гэтым у некаторыя пэрыяды трубаправод перапампоўваў больш газу, чым праектная магутнасьць. Пасьля пачатку вайны «Газпром» скараціў аб'ём прапампоўваньня праз газаправод спачатку да 100 мільёнаў кубамэтраў са 167, а потым — да 67 мільёнаў кубамэтраў. Пасьля гэтага ён быў спынены на рамонт, прапампоўванне газу павінна аднавіцца 21 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А калі Расея ня будзе пастаўляць газ? Які плян мае ЭўразьвязПуцін прапанаваў кампэнсаваць пастаўкі з дапамогай газаправоду «Паўночны паток – 2». Праект быў спынены перад запускам праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну. «ПП-2» не сэртыфікаваны нямецкімі ўладамі. Супраць узнаўленьня праекту выступаюць і кіроўныя партыі Нямеччыны і большасьць апазыцыі, расказвала ў пачатку ліпеня DW.
- Эканоміка найбуйнейшай краіны Эўразьвязу Нямеччыны і яшчэ некалькіх краін ЭЗ у значнай ступені залежыць ад паставак газу з Расеі. Нямецкія палітыкі абвінавачваюць Маскву ў тым, што Крэмль выкарыстоўвае пастаўкі ў якасьці зброі для ціску на эўрапейскія краіны.
- Расейскія пастаўкі забясьпечвалі прыблізна да 40% газу ЭЗ, яго складана замяніць у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Нямецкая прамысловасьць папярэджвае, што дэфіцыт паліва, які набліжаецца, прывядзе да рэцэсіі.
- Краіны ЭЗ шукаюць спосабы кампэнсаваць пастаўкі — як за кошт куплі газу ў іншых пастаўшчыкоў, так і за кошт пошуку альтэрнатыўных крыніц паліва.