Інцыдэнт з самалётам Boeing 737 ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з грэчаскіх Атэнаў у Вільню, адбыўся 23 траўня 2021 году.
Падчас пралёту самалёта над беларускай тэрыторыяй яго экіпаж атрымаў ад беларускага дыспэтчара інфармацыю пра бомбу на борце лайнэра і загад неадкладна сесьці ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», што ў выніку і было зроблена.
Сярод пасажыраў рэйсу былі апазыцыйныя актывісты Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Лайнэр празь некалькі гадзінаў адпусьцілі, а Пратасевіча з Сапегай арыштавалі і абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІСАО: Паведамленьне аб ілжывым мінаваньні самалёта з Пратасевічам перадалі па ўказаньні кіраўніцтва БеларусіШостага траўня 2022 году Сапезе прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі. Яна напісала прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, аднак пра вынікі гэтага пакуль нічога не вядома. Як і аб працэсе ў справе самаго Рамана Пратасевіча, які пэрыядычна зьяўляецца ў мэдыйнай прасторы і заяўляе, што лічыць сваю апазыцыйную дзейнасьць памылковай. Беларускія ўлады працягваюць настойваць на тым, што падчас пасадкі самалёта Ryanair дзейнічалі згодна зь міжнародным правам, а канчатковае рашэньне аб пасадцы ў Менску прымаў экіпаж лайнэра.
Успамінаем, што страціла Беларусь у выніку інцыдэнту 23 траўня 2021 году.
Мінус 3 мільярды эўра і іншыя санкцыі
Адным зь першых эфэктаў сталі маштабныя авіяцыйныя і эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. Пра замарожваньне эканамічнай дапамогі Беларусі памерам 3 мільярды эўра старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен абвясьціла ўжо на наступны дзень, 24 траўня. Яна таксама запатрабавала неадкладнага вызваленьня Пратасевіча і Сапегі, а тэрмін замарозкі фінансавай дапамогі абазначыла як «пакуль Беларусь ня стане дэмакратычнай».
ЗША адрэагавалі на інцыдэнт 3 чэрвеня 2021 году, калі былі адноўленыя замарожаныя раней санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх «Нафтан», «Белнафтахім», «Белшына», «Гродна Азот», «Хімвалакно» і шэраг іншых. 21 і 24 чэрвеня да эканамічных санкцый далучыўся Эўразьвяз. Абмежаваньні былі ўведзеныя як у дачыненьні да канкрэтных фізычных асобаў і кампаній, так і да цэлых сэктараў беларускай эканомікі. Гэта здарылася ўпершыню ў гісторыі. Раней да гэтага не прыводзілі ні падзеі 2010 году, ні нават маштабныя рэпрэсіі лета і восені 2020-га.
Адным з наступстваў уведзеных пасьля інцыдэнту з авіялайнэрам санкцый стала, напрыклад, забарона транзыту беларускага калію праз тэрыторыю Літвы ў порт Клайпэды. «Беларуськалій» ня змог аднавіць аб’ёмы паставак дагэтуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія спэцслужбы выклалі запіс размовы дыспэтчара і пілёта падчас прымусовай пасадкі самалёта RyanairЗаняпад «Белавія»
Акрамя эканамічных санкцый, супраць Беларусі амаль адразу ж былі ўведзеныя санкцыі авіяцыйныя. Ужо ў першыя дні пасьля інцыдэнту краіны Эўразьвязу цалкам закрылі сваё неба для палётаў беларускіх самалётаў, а сваім не рэкамэндавалі выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору. Да забароны з часам далучыліся нават Сэрбія і Ўкраіна. У выніку «Белавія» фактычна страціла магчымасьць выконваць большасьць з ранейшых рэйсаў.
Сытуацыя ў авіякампаніі яшчэ больш пагоршылася з пачаткам вайны ва Ўкраіне. Першапачаткова кіраўніцтва «Белавія» заяўляла аб намеры захаваць штат супрацоўнікаў і памер заробкаў, аднак з часам у СМІ пачала прасочвацца інфармацыя аб масавых скарачэньнях пэрсаналу і зьмяншэньні памеру заробкаў супрацоўнікаў нацыянальнай авіякампаніі. Афіцыйна «Белавія» гэтыя зьвесткі абвяргала, гаворачы толькі пра кропкавыя скарачэньні пэрсаналу.
За два месяцы да інцыдэнту з самалётам Ryanair «Белавія» выконвала рэйсы ў 28 краін па 38 напрамках. Увосень 2021 году засталася толькі 9 краін і 20 напрамкаў. За некалькі месяцаў да інцыдэнту флёт «Белавія» складаў 28 самалётаў (разам з лайнэрамі, якія выкарыстоўвае для сваіх мэтаў Лукашэнка). Цяпер авіякампанія можа выконваць рэйсы толькі на 13 зь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску абверглі ролю КДБ у прымусовай пасадцы самалёта RyanairКрымінальны перасьлед беларускіх чыноўнікаў
Пра тое, што шэраг высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці ў ЗША, стала вядома ў канцы студзеня 2022 году. ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ. Усіх іх абвінавацілі ў змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва, а самі абвінавачаньні сталі вынікам інцыдэнту з пасадкай пасажырскага самалёта RyanAir у Менску.
Пра абвінавачваньні гаварылася ў паведамленьні Міністэрства юстыцыі ЗША. Чатыром грамадзянам Беларусі, паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня. 20 студзеня абвінаваўчыя дакумэнты былі пададзеныя ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку, пра ход справы з таго часу нічога невядома. Названыя ў паведамленьні Міністэрства юстыцыі ЗША беларускія чыноўнікі сваю вінаватасьць абвяргаюць.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.