Парлямэнт выбіраў прэзыдэнта на тле найгоршага эканамічнага і палітычнага крызісу з моманту набыцьця незалежнасьці краіны ў 1948 годзе. Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Раніль Вікрэмэсінгхэ перамог свайго партыйнага суперніка 134 галасамі супраць 82.
Былы прэзыдэнт Гатабая Раджапакса пакінуў краіну на мінулым тыдні. Ён уцёк на Мальдывы, а затым у Сынгапур пасьля таго, як тысячы дэманстрантаў уварваліся ў яго прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю і іншыя ўрадавыя будынкі, патрабуючы ягонай адстаўкі. Пасьля гэтага выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта аўтаматычна стаў шасьціразовы прэм'ер-міністар Раніль Вікрэмэсінгхэ, хаця пратэстоўцы патрабавалі і ягонай адстаўкі і нават спалілі ягоны дом. Адзначаецца, што ягоная цяперашняя перамога на выбарах можа прывесьці да новых дэманстрацый і беспарадкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Шры-Ланкі ўцёк з краіны пасьля масавых пратэстаўШры Ланка фактычна збанкрутавала і сутыкнулася з вострым дэфіцытам прадуктаў харчаваньня, паліва і іншых асноўных запасаў.
Перад Раніл Вікрамасінгхе стаіць задача аднавіць палітычную стабільнасьць у Шры Ланцы, каб яна магла аднавіць спыненыя перамовы з Міжнародным валютным фондам (МВФ) аб пакеце дапамогі.
Пра Шры Ланку
- Шры Ланка – астраўная дзяржава ля поўдня Індыі: яна атрымала незалежнасьць ад брытанскага панаваньня ў 1948 годзе. Тры этнічныя групы – сынгалы, тамілы і мусульмане – складаюць 99% 22-мільённага насельніцтва краіны.
- У палітыцы краіны на працягу многіх гадоў дамінавалі два браты: Махінда Раджапакса стаў героем сярод большасьці сынгальцаў у 2009, калі яго ўрад перамог тамільскіх сэпаратысцкіх паўстанцаў пасьля гадоў жорсткай і крывавай грамадзянскай вайны. Яго брат Гатабая, які ў той час быў міністрам абароны, а потым стаў прэзыдэнтам, уцёк з краіны пасьля масавых беспарадкаў.
- Прэзыдэнцкія паўнамоцтвы: прэзыдэнт зьяўляецца кіраўніком дзяржавы, ураду і арміі ў Шры Ланцы, але ён падзяляе шмат выканаўчых абавязкаў з прэмʼер-міністрам, які ўзначальвае кіроўную партыю ў парлямэнце.
- Зараз эканамічны крызіс прывёў да забурэньняў на вуліцах: імклівая інфляцыя спарадзіла дэфіцыт некаторых прадуктаў харчаваньня, лекаў і паліва, адключэньне сьвятла, многія ў Шры Ланцы вінавацяць сямʼю Раджапакса і іх урад у такой сытуацыі.