Вядомы іранскі кінарэжысэр і грамадзкі актывіст Джафар Панахі асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.
Яго прызналі вінаватым у падтрымцы антыўрадавых пратэстаў у 2010 годзе і ў «прапагандзе супраць сыстэмы». Пра гэта паведамляе Іранская служба Радыё Свабода.
Суд пастанавіў, што ён павінен адбыць прызначаны яму яшчэ 12 гадоў таму турэмны тэрмін. Панахі стаў трэцім іранскім кінарэжысэрам, арыштаваным у гэтым месяцы.
Іранскія СМІ паведамляюць, што Панахі затрымалі пасьля таго, як ён накіраваўся ў турму Эвін, каб спытаць пра аднаго з двух рэжысэраў, арыштаваных за падтрымку пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская дэлегацыя наведвала Іран дзеля вывучэньня баявых бесьпілётнікаў- Джафар Панахі — адзін з самых вядомых у сьвеце іранскіх кінэматаграфістаў. У 1995 годзе ён атрымаў прыз «Залатая камэра» Канскага кінафэстывалю за фільм «Белы шар», праз два гады — прыз «Залаты леапард» кінафэстывалю ў Лякарна за фільм «Люстэрка», у 2000 годзе стаў уладальнікам «Залатога льва» Вэнэцыянскага кінафэстывалю за фільм «Кола», а ў 2015-м быў уганараваны прэміяй «Залаты мядзьведзь» у Бэрліне за фільм «Таксі».
- У 2010 годзе Панахі быў арыштаваны за ўдзел у антыўрадавых акцыях. Некалькі гадоў ён быў пад хатнім арыштам, але працягваў здымаць кіно.