Такія вынікі чэрвеньскага закрытага апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (УЦДГМ) пра стаўленьне расейцаў да так званай «спэцапэрацыі», зь якімі азнаёмілася выданьне The Bell.
Апытаньне пад назвай «СВА: Праблемныя зоны» праводзілася праз тэлефон сярод 1600 рэспандэнтаў. Вынікі дасьледаваньня разглядаліся на адной з нарад у адміністрацыі прэзыдэнта ў 20-х днях чэрвеня, паведаміў выданьню блізкі да Крамля суразмоўца.
Як расейцы ставяцца да працягу вайны
Галоўны вынік апытаньня — падзел роўна напалову адказаў на пытаньне аб тым, што для Расеі цяпер важней — працягваць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне або весьці мірныя перамовы. За той і другі варыянт адказу прагаласавала па 44% апытаных, яшчэ 12% не змаглі адказаць на пытаньне.
Іншае пытаньне сацыёлягаў аб будучыні вайны гучала так: «Адны лічаць, што баявыя дзеяньні ва Ўкраіне неабходна спыніць як мага хутчэй. Іншыя лічаць, што баявыя дзеяньні зараз спыняць ня варта. Які пункт гледжаньня вам бліжэйшы — першы ці другі?» Тут большасьць у прыхільнікаў працягу вайны: 57% супраць 30%, астатнія — не змаглі адказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза»: 30% апытаных у Расеі — за тое, каб неадкладна спыніць вайнуЯк расейцы ўвогуле ставяцца да вайны
Да 22 чэрвеня доля тых, хто хутчэй яе падтрымлівае зафіксавалася на ўзроўні 70% (пытаньне ў гэтым месяцы задавалі штотыдзень). Доля тых, хто хутчэй не падтрымлівае, склала 17%, яшчэ 13% не змаглі адказаць.
Характэрна, што на наступны дзень пасьля аб’явы аб спэцапэрацыі ў яе падтрымку выказвалася самая меншая за час назіраньняў УЦДГМ колькасьць рэспандэнтаў: 65%.
- Менш за ўсё вайну падтрымліваюць ва ўзроставай групе 18–24 гады: 37% хутчэй не падтрымліваюць, 38% — хутчэй падтрымліваюць.
- У групе 25–34 гады гэта 26% і 50% адпаведна.
- 35–44 гады — 18% і 72%.
- 45 і 59 гадоў — 12% і 79%.
- 60 гадоў і старэйшыя — 9% і 84%.
У разрэзе груп мэдыяспажываньня:
- сярод тых, хто адносіць сябе да актыўных тэлегледачоў, 81% хутчэй падтрымлівае «спэцапэрацыю» (доля тых, хто хутчэй супраць, — 11%);
- сярод актыўных карыстальнікаў інтэрнэту колькасьць прыхільнікаў вайны памяншаецца да 45% (доля тых, хто хутчэй супраць, — 33%).
У разрэзе самаацэнкі матэрыяльнага становішча:
- сярод тых, хто ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча як добрае, — не падтрымліваюць вайну 15%, падтрымліваюць 75%;
- як сярэдняе — не падтрымліваюць 17%, падтрымліваюць 71%;
- як дрэннае — не падтрымліваюць 22%, падтрымліваюць 61%.
На пытаньне «Як Вы ў цэлым ставіцеся да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на Украіне»:
- 68% апытаных адказалі «хутчэй станоўча» — і гэта самы высокі працэнт, якога ўдавалася дасягнуць за ўвесь час апытаньняў УЦДГМ, пачынаючы зь лютага;
- 18% апытаных ставяцца да вайны «хутчэй адмоўна» — самы нізкі працэнт зь лютага, калі паказчык складаў 27%;
- адказ «хутчэй абыякава» выбралі 5% рэспандэнтаў;
- не змаглі адказаць 9%.
У самай маладой групе рэспандэнтаў адказы на гэтыя пытаньні разьмеркаваліся пароўну: 37% на 37%, і 12% паведамілі аб сваёй абыякавасьці. У групе 25–34 года суадносіны склалі 33% на 45%, а доля абыякавых да вайны — 11%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вядомага расейскага апазыцыянэра Яшына завялі крымінальную справу за эфір пра масавыя забойствы ў БучыЯк галасуе моладзь
Адна з самых паказальных высноваў, якія можна зрабіць на аснове апытаньня: маладыя расейцы настроены на спыненьне вайны, а іх стаўленьне да Пуціна ў сувязі са «спэцапэрацыяй» і санкцыямі мяняецца ня ў лепшы бок.
«За» перамовы замест працягу баявых дзеяньняў выступае большасьць сярод людзей маладога і сярэдняга ўзросту:
- у групе 18–24 гады на карысьць перамоваў выказаліся 79% апытаных;
- у групе 25–34 года — 56%;
- у групе 35–44-гадовых — 46%.
Чым рэспандэнты старэйшыя, тым больш сярод іх лічаць, што Расеі трэба працягваць ваяваць: 54% у групе 45–59 гадоў і 57% у групе 60+.
За больш хуткае спыненьне баявых дзеяньняў таксама выступае ў асноўным моладзь — і зь вялікай перавагай у сваіх узроставых групах: у групах 18–24 гады і 25-34 гады за спыненьне баявых дзеяньняў як мага хутчэй выказваецца большасьць.
- У першай групе гэта 56% супраць 19% прыхільнікаў працягу ваенных дзеяньняў.
- У другой — 43% супраць 41%.
У больш узроставых групах прыхільнікаў працягу вайны больш: у групе 35–44 гады іх 52% супраць 34%, 45–59 гадоў — 70% супраць 21%, 60 гадоў і старэйшыя — 72% супраць 20%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеяй беларусы зьмірыцца могуць, з вайной — не. Яшчэ раз пра канфлікт каштоўнасьцяўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.