Нагодай для візыту стала цырымонія, прысьвечаная 78-й гадавiне замаху на Гітлера, якая праводзіцца ў Нямеччыне на самым высокім узроўні. Ціханоўскую запрасілі выступіць з галоўнай прамовай. У цырымоніі бяруць удзел прэзыдэнты Канстытуцыйнага суду Нямеччыны, Бундэстагу, міністар абароны, дыпляматычны корпус.
У 1944 годзе 20 ліпеня ў стаўцы Гітлера ва Ўсходняй Прусіі адбыўся замах на Гітлера як вынік змовы супраць яго і ягоных памагатых. І запрашэньне Ціханоўскай выглядае сымбалічна ў кантэксьце тэмы супраціву ўнутры дыктатарскай краіны.
Удзельнікі змовы 1944 году — група афіцэраў і генэралаў вэрмахту, якія былі перакананыя, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы. Іх мэтай было фізычна зьнішчыць Гітлера, пасьля чаго спыніць вайну, хутка заключыць мірную дамову і такім чынам уратаваць Нямеччыну ад канчатковага разгрому. Галоўная фігура змовы — палкоўнік вэрмахту Кляўс Штаўфэнбэрг. У сёньняшняй дэмакратычнай Нямеччыне Кляўс Штаўфэнбэрг і іншыя ўдзельнікі змовы супраць Гітлера лічацца нацыянальнымі героямі, якія аддалі жыцьці дзеля свабоды сваёй Радзімы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Бэрліне абмяркоўвае з кіраўніцай МЗС Бэрбак дапамогу для Беларусі і Ўкраіны, санкцыі для Лукашэнкі і ПуцінаСёньня Сьвятлана Ціханоўская наведае Мэмарыяльны цэнтар супраціву Нямеччыны, дзе для яе правядзе экскурсію нямецкі палітоляг, кіраўнік музэю Мэмарыяльнага цэнтру супраціву Яганэс Тухэль. Пасьля адбудзецца сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з дыяспарай.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі і яе каманда будуць мець цягам трох дзён шэраг сустрэч. Ціханоўская наведае дзяржаўную канцылярыю, сустрэнецца зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Робэртам Габэкам (Оляф Шольц у гэтыя дні не ў Бэрліне), кіраўніком адміністрацыі канцлера Вольфгангам Шмітам, зь намесьнікам старшыні Парлямэнцкай фракцыі Ёганам Вадэфулем (ХДС/ХСС) і іншымі лідэрамі палітычных груп у Бундэстагу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Бэрліне праводзіць перамовы з канцылярыяй Мэркель і МЗС НямеччыныУ пасольстве Вялікабрытаніі Ціханоўская дасьць брыфінг па сытуацыі ў Беларусі паслам шэрагу краінаў, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь. Сярод іншых цікавасьць паўдзельнічаць у брыфінгу выказалі паслы Чылі, Калюмбіі, Аўстраліі.
У 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з тагачаснай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, у 2021 годзе па тэлефоне яны абмяркоўвалі мігранцкі крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская пагаварыла праз тэлефон з Ангелай Мэркель