Як Алена Зяленская напісала на сваёй старонцы ў Facebook , яна ўжо сустрэлася з дзяржаўным сакратаром Энтані Блінкенам, з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары і кіраўніцай Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці (USAID) Самантай Паўэр.
Алена Зяленская працытавала Энтані Блінкена, які сказаў, што «сувэрэнная, незалежная Ўкраіна будзе існаваць нашмат больш, чым Пуцін».
Агенцтва USAID, якое ачольвае колішняя прадстаўніца ЗША ў ААН Саманта Паўэр, зьяўляецца адным з асноўных партнэраў Украіны ў гуманітарных пытаньнях.
«У прыватнасьці, гаворка ідзе і аб псыхалягічнай дапамозе ў рамках Нацыянальнай праграмы псыхічнага здароўя і псыхасацыяльнай падтрымкі. Разам мусім вярнуць украінцам сілы жыць, выкрадзеныя тым самым злодзеем, пра якога Саманта Паўэр так правільна гаварыла ў 2014 годзе (на пасадзе прадстаўніка ЗША ў ААН. — РС)», — адзначыла першая лэдзі Ўкраіны.
Алена Зяленская нагадала словы Саманты Паўэр у ААН пасьля незаконнага рэфэрэндуму ў Крыме ў 2014 годзе аб тым, што «злодзей можа выкрасьці ўласнасьць, але гэта не дае яму права валодаць гэтай уласнасьцю».
Жонка ўкраінскага прэзыдэнта таксама наведала помнік Галадамору ў Вашынгтоне, дзе змагла пагаварыць з прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары ў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў, як жыве сям’я падчас вайны: «Маім дзецям, як і ўсім дзецям ва Ўкраіне, давялося хутка пасталець» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: ЗША закупіць для Ўкраіны зэнітна-ракетны комплекс сярэдняй і вялікай далёкасьці