Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні The Insider і Bellingcat.
Журналісты высьветлілі гэта, вывучыўшы авіяпералёты Стралкова і яго жонкі. Напрыклад, у сьнежні 2014 года муж і жонка ляцелі разам з Масквы ў Растоў-на-Доне і назад. Жонка Стралкова — ураджэнка Данбаса Міраслава Рэгінская — браніравала білеты разам з нейкім Сяргеем Руновым, які нарадзіўся 12 траўня 1970 году. Руноў — прозьвішча дзеда Стралкова па матчынай лініі. Паводле расьсьледаваньня, чалавека з такім прозьвішчам, імем і датай нараджэньня не існуе.
Пашпарт на гэтае імя мог быць выдадзеныя ФСБ, робяць высновы аўтары. Яны знайшлі ў авіябазе яшчэ 6 падробленых расейскіх унутраных пашпартоў з той жа сэрыі. Некаторых з гэтых асобаў The Insider і Bellingcat ідэнтыфікавалі як супрацоўнікаў ФСБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кáты Славянску». Радыё Свабода вызначыла ўдзельнікаў незаконных «ваенна-палявых трыбуналаў» на ДанбасеСярод іх — Арцём Вінаградаў, які ў сакавіку 2015 года ляцеў разам з нейкім Міхаілам Сцяпанавым (сапраўднае прозьвішча Швец), чалавекам, якога расьсьледавальнікі лічаць датычным да атручэньня апазыцыянэра Аляксея Навальнага.
Пашпарт «прыкрыцьця» той жа сэрыі аўтары знайшлі і ў былога кіраўніка так званай «ЛНР» Ігара Платніцкага. Ён, як і Стралкоў, лётаў па ім разам з жонкай Ларысай Платніцкай (якая, як паведамляецца, памерла ў 2020 годзе).
Ігар Стралкоў заявіў The Insider, што не камэнтуе наяўнасьць у яго пашпарта прыкрыцьця, а яго жонка Міраслава Рэгінская, выслухаўшы пытаньне журналістаў, кінула слухаўку.
- Падчас сваёй першай прэсавай канфэрэнцыі ў Данбасе Стралкоў заяўляў, што да 31 сакавіка 2013 году быў палкоўнікам ФСБ, пасьля чаго яго «адлічылі з часьці». Пасьля вяртаньня з Данбасу Стралкоў часта крытыкаваў ход ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне і асабіста былога памочніка прэзыдэнта РФ Уладзіслава Суркова.
- 15 ліпеня Генпракуратура Расеі абвясьціла «непажаданай» працу Bellingcat і The Insider, заявіўшы, што іх дзейнасьць уяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу і бясьпекі РФ.