«Наша Ніва»: У Нацыянальным гістарычным музэі прыбралі фігуры Вітаўта і Ягайлы

Фігуры Вітаўта і Ягайлы ў Нацыянальным гістарычным музэі

«Наша Ніва» паведамляе таксама пра імавернасьць таго, што да канца году экспазыцыю пра шляхту тут заменяць на іншую — пра Расейскую імпэрыю.

«На Вітаўта і Ягайлу напісалі скаргу. Стыль скаргі быў такі: «што гэтыя польскія акупанты тут робяць?» — расказалі выданьню знаёмыя з сытуацыяй крыніцы.

Пра тое, што зьбіраюцца прыбраць экспазыцыю, прысьвечаную шляхце (яна ў сэкцыі геральдыкі), «Нашай Ніве» паведамілі адразу некалькі чалавек з культурнай сфэры.

У Нацыянальным гістарычным музэі адказалі, што цяпер на месцы фігур Вітаўта і Ягайлы рэканструкцыя Крэўскага замка.

«Экспазыцыя пра геральдыку ў нас на другім паверсе ёсьць. Наконт таго, што заменяць на нешта, зьвязанае з Расеяй, — ня ведаю. Магчыма», — адказалі ў музэі, куды журналісты патэлефанавалі як наведнікі.

Скульптуры вялікага князя літоўскага Вітаўта і караля Ягайлы былі пастаўленыя ў музэі ў 2011 годзе.

Вонкавы вобраз Вітаўта быў адноўлены на аснове выявы з асабістай пячаткі князя. За аснову партрэтнай выявы Ягайлы ўзята плястыка надмагільля караля, гарнітур адноўлены па выяве з абраза «Пакланеньне трох каралёў». Над партрэтнымі скульптурамі працавалі мастакі Павал Лук і Юры Піскун.

Вітаўт (1350–1430) — адзін з самых вядомых гаспадароў ВКЛ. Пры ім тэрыторыя княства значна пашырылася — ад Балтыйскага да Чорнага мора. Разам са стрыечным братам, польскім каралём Ягайлам, Вітаўт узначаліў бітву пад Грунвальдам у 1410 годзе, у выніку якой быў разгромлены Тэўтонскі ордэн.

Ягайла (каля 1362–1434), каб даць рады ціску Тэўтонскага ордэна, вырашыў, што ВКЛ неабходны саюз з Польшчай. Дзеля гэтага ён пасватаўся да польскай каралевы Ядвігі. У 1386 годзе ў Кракаве ён быў ахрышчаны па каталіцкіх звычаях і абвянчаны зь ёю. Пасьля таго Ягайла ахрысьціў паводле заходняга (рыма-каталіцкага) абраду і тых жыхароў ВКЛ, якія да таго часу захоўвалі паганства, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Менавіта з Крэўскай уніі, заключанай Ягайлам у 1385 годзе, пачаліся стагодзьдзі інтэграцыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, вынікам чаго стала стварэньне ў 1569 годзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: By_culture: Школьным бібліятэкам загадалі прыбраць кнігі звыш 30 літаратараў. У Мінадукацыі адмаўляюць