27-гадовую Анастасію Санкоўскую асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту.
Судзьдзя Анастасія Ачалава абвінаваціла палітзьняволеную ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў такіх дзеяньнях (ч. 1 арт. 342 КК).
Мэнэджарку ў міжнародных перавозках Анастасію Санкоўскую затрымалі летась 31 сакавіка. Спачатку яе асудзілі на 15 дзён арышту, а потым выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту і перакрываньні вуліцы.
Падставай для крымінальнага перасьледу былі фатаздымкі ў яе мабільным тэлефоне, на якіх Санкоўская ідзе па праезнай частцы на фоне групы ўдарнікаў, паведамляе «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 16 ліпеня: 2 гады калёніі за аплату штрафаў і адвакатаў затрыманым пратэстоўцамПалітзьняволеную шматдзетную маці Юлію Лаптановіч асудзілі на 5 гадоў калёніі
У Горадзенскім абласным судзе агучылі прысуд актывістцы з Пружанаў Юліі Лаптановіч, якую трымаюць за кратамі дзевяць месяцаў. Судзьдзя Віктар Сянько прызнаў палітзьняволеную вінаватай паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзіў на 5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, суд прызначыў Лаптановіч штраф у 608 рублёў. Віну сваю Юлія прызнала часткова.
Год таму Юлію і яе мужа Ігара асудзілі ў «справе карагодаў». Ігара адправілі ў калёнію, а жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію». Празь некалькі месяцаў Юлію затрымалі ў новай крымінальнай справе. На волі іх чакаюць трое дзяцей.
Палітвязьня Жылінскага асудзілі да трох гадоў калёніі
У Менскім гарадзкім судзе агучылі прысуд палітзьняволенаму Віталю Жылінскаму. Яго справу паводле арыкулаў № 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і № 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу разглядалі з 12 ліпеня, абставіны і падрабязнасьці працэсу пакуль невядомыя.
У выніку судзьдзя Натальля Бугук асудзіла палітвязьня да трох гадоў калёніі агульнага рэжыму.
Судзьдзя Бугук ужо неаднойчы выносіла прысуды палітвязьням, у лютым 2021 году яна вынесла прысуд журналісткам Белсату Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Кацярыне Андрэевай вынесьлі новы вырак: яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы зьняволеньняВярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў прысуд палітзьняволенаму экс-памочніку пракурора Яўгену Бабаку
12 траўня Менскі гарадзкі суд засудзіў былога памочніка пракурора Першамайскага раёну Менску Бабака на чатыры гады калёніі за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і «распальваньне варожасьці».
У жніўні 2020 году Яўген Бабак ініцыяваў праверку па факце пабіцьця матацыклістаў у менскім мікрараёне Ўручча, як мяркуецца, супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспэкцыі. Ходу справе не далі, а памочніка пракурора вымусілі звольніцца.
Яўгена Бабака затрымалі ў чэрвені 2021 году ў межах адміністрацыйнага працэсу. На волю ён так і ня выйшаў — яму выставілі крымінальнае абвінавачаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-пракурора Бабака, які выступіў супраць гвалту сілавікоў, асудзілі на 4 гады калёніі