2 гады калёніі за дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій
Палітзьняволеную юрыстку з Докшыцаў Вольгу Ялцэвіч асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі па арт. 342 ч. 2 КК («Фінансаванне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), паведамляе «Вясна | Брэст». Судзьдзя — Яўген Брэган, пракурор — Ягор Кронда.
Яе абвінавачвалі ў тым, што ў 2020 годзе ў супрацы з «замежнымі фондамі» дапамагала аплочваць штрафы і адвакатаў людзям, якія былі пакараныя за ўдзел у пратэстах.
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, Вольга Ялцэвіч не пазьней за 12 жніўня 2020 года на розных інтэрнэт-рэсурсах ад імя аднаго з замежных фондаў апублікавала інфармацыю аб зборы грошай для падтрымкі грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій пасьля масавых пратэстаў. Яна нібыта з 13 жніўня па 19 сьнежня 2020 года аплочвала сумы штрафаў, паслугі адвакатаў, дзяржаўную пошліну за падачу скаргаў іншую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.
Родныя Вольгі кажуць, што яна ведала пра верагоднасьць затрыманьня, але засталася ў Беларусі. На судзе Вольга казала пра фальсыфікацыю некаторых доказаў.
Вольга Яльцэвіч за кратамі ўжо 7 месяцаў. 11 ліпеня над ёй пачаўся суд, а 15 ліпеня Маскоўскі суд Берасьця вынес ёй прысуд.
Актывіста з Наваполацку трэці раз запар пакаралі суткамі за рэпосты
Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і зьмясьцілі ў Наваполацкі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Вядома, што ў гэты дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак. 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-дзённым арыштам.
Праваабаронцам стала вядома, што ўчора, 15 ліпеня, Галавырына ў трэці раз запар асудзілі на 15 дзён арышту. Падчас першага арышту мужчына перанёс гіпэртанічны крыз.
«Стаялі ў счэпцы локцямі». У Менску вынесьлі яшчэ два прысуды за падзеі 2020 году
У судзе Заводзкага раёну Менску вынесьлі чарговы прысуд па крымінальнай справе за падзеі 2020 году. Асуджаныя — Аляксандар Казлоўскі і Аляксандар Цярэшка, абодвум па 26 гадоў, паведамляе «Вясна».
Згодна з матэрыяламі справы, Казлоўскі і Цярэшка 27 верасьня 2020 году на праспэкце Незалежнасьці ў Менску «стаялі ў счэпцы локцямі ў першым шэрагу» грамадзян, якія ішлі па праезнай частцы. У выніку гэтага, па вэрсіі сьледзтва, быў блякаваны рух грамадзкага транспарту і адбыўся збой у яго працы.
У выніку, судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч прызнала іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыла Цярэшку 2,5 года «хатняй хіміі», а Казлоўскаму — 1,5 года калёніі.