Ва Ўкраіне набылі моц чарговыя нормы новага моўнага закону. За парушэньне будуць штрафаваць

Ва Ўкраіне 16 ліпеня набылі моц новыя нормы закону аб мове — цяпер усе інтэрнэт-рэсурсы павінны мець украінамоўную вэрсію, а ўсе тавары з кампутарнымі праграмамі — іх украінскі інтэрфэйс.

Пра гэта паведаміў упаўнаважаны ў абароне дзяржаўнай мовы ва Ўкраіне Тарас Крэмень.

Што прадугледжваюць гэтыя нормы закону:

  • Усе інтэрнэт-рэсурсы (вэб-сайты, старонкі ў сацыяльных сетках, ютуб-, вайбэр-, тэлеграм-каналы, мабільныя праграмы), якія выкарыстоўваюцца ў якасьці зарэгістраваных ва Ўкраіне інтэрнэт-прадстаўніцтваў, у тым ліку інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, павінны мець паўнавартасную асноўную вэрсію на ўкраінскай мове, якая мусіць загружацца па змаўчаньні.
  • Кампутарныя праграмы, усталяваныя на кожным тавары — ад аўтамабіля да пральнай машыны — павінны быць лякалізаваныя для Ўкраіны і мець паўнавартасны ўкраінскі інтэрфэйс.

За парушэньне закона прадугледжаны штраф ад 3400 да 8500 грыўняў (ад 115 да 287 даляраў). За паўторнае парушэньне — ад 8500 да 11 900 грыўняў (ад 287 да 402 даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школы на акупаваных тэрыторыях Украіны рыхтуюць да «русыфікацыі»

Закон «Аб забесьпячэньні функцыянаваньня ўкраінскай мовы як дзяржаўнай» Вярхоўная Рада прыняла 25 красавіка 2019 году. 16 ліпеня 2019 году ён набыў моц. Аднак уступленьне ў сілу асобных артыкулаў закона расьцягнута ў часе (адбываецца кожныя паўгода).

  • 16 студзеня 2020 году набыў моц артыкул 32, які вызначае прымяненьне дзяржаўнай мовы ў сфэры рэклямы.
  • 16 ліпеня 2020 году — у сфэры навукі (арт. 22), у тэхнічнай і праектнай дакумэнтацыі (арт. 31), у сфэрах аховы здароўя (арт. 33), транспарту (арт. 36), справаводзтва, дакумэнтазвароту, перапіскі і справаздачнасьці (арт. 37).
  • 16 студзеня 2021 году — у сфэры абслугоўваньня (арт. 30).
  • 16 ліпеня 2021 году набылі моц артыкулы 7 і 10, якія прадугледжваюць іспыт на валоданьне дзяржаўнай мовай для будучых дзяржаўных служачых, а таксама тых, хто хоча атрымаць грамадзянства Ўкраіны. Таксама набылі моц артыкулы 23 і 26 — выкарыстаньне дзяржаўнай мовы ў сфэры культуры і кнігавыдавецтва.
  • 16 студзеня 2022 году набыў моц артыкул 25, аб выкарыстаньні дзяржаўнай мовы ў сфэры друкаваных СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаў гаварыць у сьне па-беларуску». Як праз вайну і рэвалюцыю людзі пераходзяць на беларускую мову