«Сытуацыя ня вельмі стабільная». Чыноўнікі патлумачылі, чаму засакрэцілі плян павышэньня цэнаў на тарыфы і паслуг

У Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня Беларусі заявілі, што сёлета плянаваць дапушчальны рост цэнаў тарыфаў і паслуг будуць з папраўкай на сытуацыю на ўнутраным і замежных рынках, піша «Зеркало».

Раней чыноўнікі прыдумалі спэцыяльны «Тарыфны сшытак», у якім расьпісваюць прыкладны графік і памер плянаванага павелічэньня кошту паслуг і тарыфаў. Але сёлета такі дакумэнт не апублікавалі. У МАРГ заявілі, што рабіць гэта і не плянуюць, патлумачылі прычыны і як будуць прымаць рашэньні аб дапушчальным росьце коштаў.

«„Тарыфны сшытак“ у гэтым годзе не публікавалі з улікам таго, што на міжнародным і нашым рынку сытуацыя ня вельмі стабільная. Тое, што плянавалася ў канцы мінулага году, і тое, што адбываецца ў сярэдзіне гэтага, — зьнешнія фактары абсалютна адрозьніваюцца. Таму дзейнічаем, зыходзячы з сытуацыі па кожнай паслузе», — патлумачыў першы намесьнік міністра МАРГ Іван Вежнавец чытачцы «Зеркала» падчас прамой тэлефоннай лініі.

Сплянаваць дапушчальны рост тарыфаў і цэн на паслугі ў міністэрстве ня могуць з прычыны нестабільнай цэнавай дынамікі як на ўнутраным, так і на зьнешніх рынках, адзначыў Іван Вежнавец. Гэта датычыцца ў тым ліку кошту праезду ў грамадзкім транспарце і цэнаў на навучаньне, удакладніў ён, адказваючы на пытаньне мянчанкі. Паводле чыноўніка, у міністэрстве штомесяц аналізуюць, якія фактары ўплываюць на кошт паслугі, якія ёсьць прапановы — і прымаюць рашэньне па кожнай паслузе асобна.

Звычайна ў «Тарыфным сшытку» прапісаны дапушчальны дыяпазон росту коштаў на паслугі ЖКГ, пасажырскія перавозкі, тарыфы мабільных апэратараў, адукацыйных і рытуальных паслуг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 5 месяцаў цэны ў Беларусі вырасьлі на 11,8%. Гэта 3-е месца сярод краінаў былога СССР
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на энэрганосьбіты і харчаваньне рэкордна растуць ва ўсім сьвеце