На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае беларускі і ізраільскі гісторык Захар Шыбека.
Сьцісла
- Пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў сьмерцю былі пакараныя толькі тыя, каго схапілі са зброяй у руках.
- Пасьля рэвалюцыі 1905–1907 гадоў дзейнасьць палітычнай апазыцыі ў Беларусі фактычна прыпынілася да 1917 году.
- Царызм уратаваўся праз паляпшэньне эканамічнага становішча працоўных.
- Калі Лукашэнка пашле беларусаў на вайну ва Ўкраіну, вынік для ягонага «самадзяржаўя» будзе такім жа, якім для расейскага самадзяржаўя скончылася вайна зь Японіяй.
- Палітычная эміграцыя пасьля паразаў была нешматлікая, але напрыканцы ХІХ — на пачатку ХХ стагодзьдзя была велізарная эканамічная эміграцыя.
- Сучасная Беларусь стала значным экспартэрам кваліфікаваных адмыслоўцаў.
- Беларускія народнікі ставілі за мэту аўтаномію Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі.
- Рэвалюцыянэры ў мінулым ня здолелі аб’яднаць высілкі ў барацьбе з самадзяржаўем, гэтак жа як і змагары з сучасным самадзяржаўем у Беларусі.
- Паводле перапісу насельніцтва 1897 году, 73% жыхароў беларускіх губэрняў назвалі роднай беларускую мову.
- Габрэі і беларусы праяўлялі большую салідарнасьць у прыстасаваньні да царызму, чым у барацьбе зь ім.
- Беларусы рабіліся нацыяй прыстасаванцаў і гэтым ратаваліся.
- Выбары ў Дзяржаўныя Думы ў Беларусі фактычна адбываліся па нацыянальных сьпісах — расейскім, польскім, габрэйскім, беларускі сьпіс не складаўся наагул.
- Нідзе сяляне ня мелі такога шырокага прадстаўніцтва ў царскіх Думах, як у Беларусі, яны далучаліся да праўрадавых партыяў.
— У беларускай гісторыі грамадзкі падʼём неаднойчы цярпеў катастрафічныя паразы, напрыклад, пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў, пасьля расейскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў.
У гісторыі нічога дакладна не паўтараецца, але і абсалютна беспрэцэдэнтныя рэчы здараюцца нячаста. Цяперашняя сытуацыя ў нечым падобная да тагачасных. А чым?
— У сувязі з расейска-ўкраінскай вайной узьніклі новыя інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу. Зразумела, што яны носяць адбітак эмацыйнасьці, але, думаю, яны дапамагаюць глыбей пазнаць сэнсы мінулых гістарычных падзей.
У 1772–1795 гадах Расея вяла ў Рэчы Паспалітай, у саюзе з Прусіяй і Аўстра-Вугоршчынай, захопніцкую вайну, якая скончылася захопам ВКЛ — складовай часткі Рэчы Паспалітай. Але на працягу 1795–1863 гадоў ліцьвіны і беларусіны вялі вызваленчую барацьбу ў форме паўстаньняў і падпольнага руху.
Трагізм 1863 году палягае для нас у тым, што ў той год Расея канчаткова раздушыла антырасейскі ўзброены супраціў. Надзеі на дапамогу Італіі і Францыі ня спраўдзіліся. Варта адзначыць, што фактычна да 1863 году Расея працягвала захопніцкую вайну, толькі ўжо ўласна ў ВКЛ.
Паразай скончылася і рэвалюцыя 1905-1907 гадоў. Надзеі беларускіх жыхароў, што яна зробіць імпэрыю дэмакратычнай і прынясе народам Расеі раўнапраўе, ня спраўдзіліся.
У чым падабенства цяперашняй сытуацыі і тагачаснай? Тады барацьба з самадзяржаўем мела пэўны эфэкт. Пасьля 1863 году Аляксандар II праводзіў буржуазныя рэформы, пасьля 1905 году Мікалай II вымушаны быў зрабіць некаторыя палітычныя саступкі ў выглядзе Дзяржаўнай Думы, дазволеных прафсаюзаў, палітыкі цярпімасьці да каталікоў.
Пасьля 2020 году лукашэнкаўскі рэжым не пайшоў ні на якія саступкі, а толькі ўзмацніў рэпрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Контрарэвалюцыі: Ад паўстаньня Каліноўскага да Беларусі-2020— Якімі былі маштабы рэпрэсій тады, наколькі яны сувымерныя зь цяперашнімі? Часы і тады былі не вегетарыянскія, дастаткова прыгадаць шыбеніцы ў Вільні для ўдзельнікаў паўстаньня, курлоўскі расстрэл у Менску, «сталыпінскія гальштукі».
— Пасьля здушэньня антыцарскага паўстаньня 1863 году былі пакараныя сьмерцю толькі тыя, хто быў захоплены са зброяй у руках. Іншых удзельнікаў (каля 2 тысяч чалавек) высылалі на катаргу ў Сібір. Дробная безьзямельная шляхта рыцарскага кшталту была вынішчаная, расьцярушаная па імпэрыі. Мясцовыя землеўладальнікі атрымалі амністыю, але абкладаліся кантрыбуцыяй у памеры 10% ад прыбыткаў, якая ішла на русыфікацыю краю. Рэпрэсіі не былі моцныя.
Рэпрэсіі пасьля рэвалюцыі 1905–07 гадоў праводзіліся праз судовыя прысуды і тычыліся пераважна партыйцаў і ўдзельнікаў аграрнага тэрору — забойцаў памешчыкаў, іх адміністрацыі і падпальшчыкаў памешчыцкай нерухомай маёмасьці.
У Беларусі ў выніку рэпрэсій дзейнасьць бальшавікоў, меншавікоў і эсэраў з 1908 году фактычна зусім прыпынілася і была адноўленая толькі ў 1917 годзе. Праводзілася палітыка здушэньня нацыянальных рухаў і строгага падпарадкаваньня нацыянальных ускраінаў цэнтру. Нацыянальныя праблемы беларускага народу і іншых народаў не вырашаліся, а таму ператвараліся для імпэрыі ў міны запаволенага дзеяньня.
Але сталыпінскіх шыбеніц на беларускіх землях не было, бо беларускія сяляне ў барацьбе за памешчыцкія землі аддавалі перавагу страйкам і выступалі за дазволены ўрадам перадзел панскай зямлі, але не за ліквідацыю памешчыцкага землеўладаньня, яны былі законьнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дажыць да адлігі. Калі спыніцца каток палітычных рэпрэсій?— А калі і чаму рэпрэсіі тады пайшлі на спад?
— Рэпрэсіі пасьля забойства Аляксандра II у 1881 годзе толькі ўзмацніліся. Пры яго пераемніку Аляксандру III выдаваліся часовыя законы і каралі любога без суду і сьледзтва. Пачаўся гвалтоўны ўціск каталікоў. Сучасны некаранаваны Аляксандар распраўляецца са сваімі апанэнтамі такімі ж мэтадамі.
Царызм змог уратавацца паляпшэньнем эканамічнага становішча працоўных. Неабходнасьць ва ўзмацненьні рэпрэсій зьнікала. Сучаснае кіраўніцтва Беларусі, наадварот, вядзе беларускі народ да зьбядненьня. Сытуацыя робіцца падобнай да той, якая склалася ў Расейскай імпэрыі напярэдадні 1905 году. На пачатку ХХ стагодзьдзя многія гараджане жылі ў галечы. Зямельныя надзелы сялян драбнелі пасьля іх падзелу паміж нашчадкамі, а набыць новую зямлю ўдавалася далёка ня кожнаму. Вайна зь Японіяй зноў паставіла самадзяржаўе на мяжу гібелі. Тое ж чакае і «лукашэнкаўскае самадзяржаўе» пры ўвядзеньні беларускага войска ва Ўкраіну.
Пасьля 1863 году эканамічнае ажыўленьне ў Расеі забясьпечвалася чыгуначным будаўніцтвам, экспартам збожжа і лесу, фінансавай рэформай Сяргея Вітэ. Пасьля рэвалюцыі 1905–1907 гадоў эканамічны ўздым у Расеі забясьпечваўся рэформамі Пятра Сталыпіна, якія былі перарваныя Першай сусьветнай вайной.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская рэвалюцыя абеларусіла габрэяў», — гісторык зь Нямеччыны— Якія былі маштабы эміграцыі пасьля беларускіх паразаў?
— Палітычная эміграцыя была нешматлікая. Эмігравалі толькі актыўныя ўдзельнікі паўстаньня 1863 году і лідэры апазыцыйных партый пасьля рэвалюцыі 1905–1907 гадоў.
Эканамічная эміграцыя традыцыйна скіроўвалася пераважна ва Ўкраіну. Там адкрывалася большая прастора для прадпрымальніцтва. Выяжджалі лепшыя. У 1890-х гадах эканамічная эміграцыя ўжо ахоплівала шырокія пласты грамадзтва. У беларускіх губэрнях налічвалася тады каля мільёна лішніх адносна мясцовага попыту работнікаў.
У выніку пачалося перасяленьне сялян у прамысловыя цэнтры Расеі і ў Сібір, а таксама ў Амэрыку. Беларускія губэрні сталі важным экспартэрам таннай працоўнай сілы, якая забясьпечвала эканамічны ўздым Расеі ў 1890-х гадах і калянізацыю ўскраін імпэрыі.
Пасьля пагромаў 1881 году Беларусь пачалі масава пакідаць габрэі, якія імкнуліся пераехаць у Амэрыку. Арганізацыйна аформлены на Базэльскім кангрэсе (1897) міжнародны габрэйскі нацыянальны рух — сіянізм — арыентаваў габрэйскіх нацыяналістаў Беларусі на выезд у Палестыну для стварэньня там уласнай дзяржавы.
Пасьля рэвалюцыі 1905–1907 гадоў многія актыўныя партыйцы далучаліся да шырокай хвалі габрэйства, якое эмігравала ў Амэрыку. У Сібір ехалі сяляне, гаспадары сярэдняй рукі, якія любілі зямлю і ўмелі на ёй працаваць, але не маглі ва ўмовах зямельнай цеснаты разгарнуць сваю дзейнасьць.
За 1904–1914 гады зь пяці заходніх губэрняў перасялілася каля 368 тысяч чалавек, і большасьць на ўсход. За 50 гадоў, што папярэднічалі Першай сусьветнай вайне, зь Беларусі выбыла за Ўрал больш як мільён чалавек. Другая плынь сялянскіх перасяленцаў накіроўвалася на захад — у ЗША, Канаду, Бразылію, Аргентыну. Значная частка іх потым вярталася на радзіму з заробленымі грашыма.
А ўсяго на пачатку ХХ стагодзьдзя за межамі Беларусі шукалі кавалак хлеба больш за два мільёны яе сыноў і дачок. І гэта тады, калі расейскі ўрад працягваў аграрную калянізацыю Беларусі.
Эміграцыя служыла тым кляпанам, які прадухіляў сацыяльны выбух і ратаваў самадзяржаўе. Таму ніякіх агульнаімпэрскіх адміністрацыйных абмежаваньняў эміграцыі не было. Больш за тое — рэалізацыя сталыпінскай аграрнай рэформы прадугледжвала эканамічную дапамогу сялянам, што перасяляліся на незаселеныя землі імпэрыі.
Сучасная Беларусь стала важным экспартэрам высокаадукаваных спэцыялістаў. Сучаснае кіраўніцтва, наадварот, імкнецца стрымаць эміграцыю, якая абумоўленая рэпрэсіўным рэжымам. Іначай яно застанецца адно з пакорлівымі кагэбістамі, вайскоўцамі і адміністрацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі— Якія стратэгіі — жыцьцёвыя і палітычныя — абмяркоўваліся ў беларускім грамадзтве пасьля яго гістарычных паразаў, як людзі асэнсоўвалі іх? І дзе гэта абмяркоўвалася?
— Дзе? На сямейных вечарынах, у студэнцкіх гуртках, у сынагогах і часткова на старонках афіцыйных пэрыядычных выданьняў, а пасьля рэвалюцыі 1905–1907 гадоў — на нелегальных сходах, мітынгах, у прыватным друку. У расейскай дзяржаве, зь яе паліцэйскім наглядам, цэнзурай, адсутнасьцю грамадзянскіх свабодаў, сустрэчы ў корчмах за квартай піва і шклянкай гарэлкі давалі адзіную магчымасьць сустрэцца і абмяняцца думкамі прадстаўнікам розных канфэсій.
Таму ў імкненьні ўладаў ізаляваць сялян ад габрэяў выяўлялася ня столькі жаданьне абараніць іх ад габрэйскай эксплюатацыі і спойваньня гарэлкай, колькі жаданьне не дапусьціць рэвалюцыйнага ўзьдзеяньня адукаваных габрэяў на сялянскія масы, ліквідаваць «грамадзкія клюбы», у якія ператвараліся габрэйскія корчмы.
У 1870-я— на пачатку 1880-х гадоў расейская інтэлігенцыя бачыла шчасьлівую будучыню Расеі ў рэалізацыі народніцкай дактрыны, гэта значыць, ва ўсталяваньні сацыяльнай роўнасьці. Беларускія народнікі жылі ідэаламі вольнасьці і вылучылі стратэгію дасягненьня аўтаноміі Беларусі ў складзе фэдэратыўнай Расейскай імпэрыі (гэтую мэту ставіла студэнцкая арганізацыя «Гоман» у Санкт-Пецярбургу).
Больш прыхільна да ідэяў сацыялізму ставіліся гарадзкія працоўныя. У гарадзкіх асяродках нараджаўся габрэйскі сацыялізм і нацыянальна-вызваленчы сіянісцкі рух. Ён адлюстроўваў абвастрэньне выбару стратэгіі перабудовы Расеі на аснове сацыялістычнай дактрыны марксізму або на аснове лібэральнай дактрыны нацыяналізму.
Пад уплывам габрэйскага пралетарыяту імкненьне да сацыяльнай роўнасьці перамагло ў Беларусі імкненьне да вольнасьці. Марксізм патрабаваў пралетарскага інтэрнацыяналізму, ахвяраваньня нацыянальнымі інтарэсамі на карысьць адзінага расейскага цэнтру і захаваньня Расейскай імпэрыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмаграфічны партрэт габрэя БеларусіПасьля ўсерасейскага зьезду сіяністаў у Менску ў 1902 годзе ўзьнікла партыя рабочых сіяністаў (Паалей-Сіён), якая спрабавала спалучыць рабочы рух зь сіянізмам і ўхваляла ідэю культурна-нацыянальнай аўтаноміі габрэяў у Расеі. Ідэі рабочых сіяністаў былі блізкія для расейскіх эсэраў і створанай на пачатку ХХ стагодзьдзя Беларускай Рэвалюцыйнай партыі (пазьней Беларуская Сацыялістычная Грамада), якая імкнулася спалучаць сялянскі рух з сацыялізмам.
У выніку палянізацыі мы страцілі земляробчую эліту. Русыфікацыя згубна ўзьдзейнічала на праваслаўных сялян. Быў страх страціць праваслаўнае сялянства, якое называла сябе рускім. Грамадоўцы імкнуліся аб’яднаць каталікоў і праваслаўных у адзіную беларускую плынь на аснове роднай мовы, якую паводле перапісу насельніцтва 1897 году 73% жыхароў беларускіх губэрняў назвалі роднай. Інфармацыя пра гэта дала, між іншым, моцны штуршок нацыянальна-вызвольнаму руху сярод беларускай інтэлігенцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмаграфічны партрэт беларусаў паводле перапісаўСацыялістычны варыянт барацьбы бедных супраць багатых не прывёў да зьвяржэньня царызму ў Расеі і нацыянальнага вызваленьня яе народаў. Варыянт нацыянальнага саюзу бедных з багатымі супраць цара, відавочна ж, быў больш эфэктыўны. Але ані беларускі народ, ані беларуская інтэлігенцыя не ўсьведамлялі яшчэ тады, што яны павінны быць разам дзеля агульнай нацыянальнай справы, якая вышэйшая за народныя жаданьні і інтэлігенцкія тэорыі. Толькі зараз беларускі народ асвойвае стратэгію лібэральнага нацыяналізму.
Усе без выключэньня бралі за палітычны ідэал аўтаномію Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі, праўда, на розных культурна-этнічных падмурках. І толькі асобныя інтэлектуалы пачыналі думаць аб здабыцьці волі па-за межамі Расейскай імпэрыі.
Іван Луцкевіч, які меў кантакты з украінскімі дзеячамі з Галіцыі і немцамі, прапагандаваў ідэю беларуска-ўкраінскай фэдэрацыі. У пэрыяд знаходжаньня пад скіпэтрам расейскага імпэратара апанэнтам самадзяржаўя не ўдалося разбурыць ва ўяўленьнях мясцовых праваслаўных сялян станоўчы вобраз Расеі. Рэвалюцыянэры не змаглі абʼяднаць свае намаганьні ў барацьбе з самадзяржаўем. Адзін зь лідэраў Бунду Ўладзімір Медэм абвінавачваў менскіх сацыял-дэмакратаў у ігнараваньні барацьбы з антысэмітызмам.
Сучаснае кіраўніцтва Беларусі ставіцца да іншадумцаў як да іншаверцаў. Дакладна так ставілася царская адміністрацыя да габрэяў. Але і цяпер змагары з сучасным самадзяржаўем у Беларусі ня могуць аб’яднацца. Як і раней, гэтаму перашкаджае наяўнасьць розных праграмаў і мэтадаў барацьбы. Недастаткова быць рэвалюцыянэрам, трэба мець рэальны плян перамогі ў рэвалюцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захар Шыбека: Ад сваіх 30 гадоў я кожны дзень стаю на галаве— Наколькі моцнай, уплывовай плыньню пасьля паразаў была тая, якая выступала за падрыхтоўку новага паўстаньня?
— Пасьля 1863 году такія настроі амаль не фіксаваліся. Існавала зачараваньне рэформамі Аляксандра II, але контрарэформы, праведзеныя Аляксандрам III, далі штуршок пашырэньню рэвалюцыйных настрояў, у той час як на Захадзе адмаўляліся ад рэвалюцый і пераходзілі да парлямэнтарызму. Царскім рэжымам былі незадаволеныя амаль усе пласты беларускага грамадзтва.
Беларуская паэзія другой паловы ХІХ стагодзьдзя мела рэвалюцыйную накіраванасьць. Ініцыятарамі выступалі шляхцічы каталіцкай веры Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Карусь Каганец, Альгерд Абуховіч, Фэлікс Тапчэўскі. Беларускія народнікі (гоманаўцы) былі рэвалюцыянэрамі. З канца ХІХ стагодзьдзя рэвалюцыю рыхтавалі бундаўцы, расейскія эсэры і сацыял-дэмакраты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка не пакідае беларусам іншых шанцаў, апрача паўстаньня». Латушка пра ідэю транзытнага ўраду і вызвольную барацьбу супраць акупацыі— Наколькі пасьля паразаў папулярнай была ідэя прымірэньня з уладай і зь ляялісцкай часткай грамадзтва?
— У гады сталыпінскай рэакцыі бундаўцы пакідалі рэвалюцыйныя справы і браліся за разьвіцьцё габрэйскай культуры, пашырэньне мовы, дамагаліся культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Гэткі ж паварот яшчэ падчас рэвалюцыі зрабіла і другая нацыянальная партыя краю — Беларуская Сацыялістычная Грамада. Грамадоўцы абвясьцілі аб роспуску партыі, а самі гуртаваліся вакол газэты «Наша Ніва».
Расчараваньне рэвалюцыяй і марксізмам выяўлялася і сярод той часткі расейскай інтэлігенцыі, што аб’ядноўвалася вакол зборніка «Вехи».
«Няшчасьцем габрэйскага народу, — пісаў грамадзкі дзяяч Ісак Лур'е, — заўсёды было тое, што ён толькі прыстасоўваўся да тых, хто ў дадзены момант меў фактычную ўладу ў краі». Такое ўражаньне, што габрэйскі дзяяч пісаў пра беларускі народ. Таму можна сказаць, што два народы пад царскім прыгнётам праяўлялі большую салідарнасьць у прыстасаваньні да царызму, чым у барацьбе зь ім.
Доўгая царская няволя прывучыла беларусаў да пакорлівасьці. Яны мусілі прыстасоўвацца да расейскіх парадкаў, правілаў паводзін — толькі б выжыць. У нейкай ступені беларусы рабіліся нацыяй прыстасаванцаў і гэтым ратаваліся.
Праваслаўныя прадпрымальнікі (фэрмэры, гандляры, асобныя прамыслоўцы) у канкурэнтнай барацьбе з памешчыкамі польскай культуры ды габрэямі шукалі заступніцтва ў расейскіх уладаў. Службовыя інтарэсы беларускай інтэлігенцыі падштурхоўвалі і яе да ляяльнасьці царскаму рэжыму. Расейскае панаваньне спарадзіла ідэалёгію заходнерусізму. Асобныя прадстаўнікі заходнерусізму дэманстравалі схільнасьць да сэпаратызму.
Дробны чыноўнік Лука Саланевіч і яго пасьлядоўнікі адмяжоўваліся ад чарнасоценцаў, якія ўвогуле не прызнавалі самабытнасьці беларусаў. Саланевіч і яго аднадумцы разьвівалі ідэі заходнерусістаў, якія бачылі ў беларусах толькі этнаграфічную разнавіднасьць вялікаросаў, і спрабавалі ступіць у бок беларускага нацыянальнага руху. Але скалечаны, рабскі сьветапогляд спараджаў наіўныя надзеі ўзьняць годнасьць свайго народу з дапамогай царызму і расейскай мовы. Дарэчы, пасьля рэвалюцыі 1905 году «згодніцкая» плынь узмацнілася і сярод палякаў (партыя Дмоўскага), і сярод габрэяў.
У той жа час фармавалася ідэалёгія «краёўцаў», прадстаўнікоў мясцовай каталіцкай інтэлігенцыі і землеўладальнікаў (Р. Скірмунт, І. Жукоўскі, А. Лядніцкі і інш.). У большасьці выпадкаў мясцовыя патрыёты адрозьнівалі сябе ад палякаў, а таму і называліся краёўцамі ці ліцьвінамі. Краёвы рух быў адказам беларускай і літоўскай інтэлігенцыі польскай культуры на расейскі шавінізм, з аднаго боку, і польскі нацыяналізм — з другога, і абумоўліваўся захаваньнем агульных польска-беларуска-літоўскіх культурных традыцый на Віленшчыне. Краёўцы паступова эвалюцыянавалі ў бок беларускай або літоўскай нацыянальнай ідэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настолькі расколатае грамадзтва вельмі складана сшыць». Шрайбман у інтэлектуальным клюбе Алексіевіч— Наколькі распаўсюджанай была ідэалёгія, паводле якой за ўладу — толькі яе карнікі?
— Не сустракаў такіх сьведчаньняў. Карэнныя расейцы і ў Беларусі абагаўлялі моцную ўладу на чале з імпэратарамі, губэрнатарамі, усіх прадстаўнікоў царскай адміністрацыі.
У 1903 годзе камандзір Каломенскага палку ў Менску казаў пра апанэнтаў улады: «Гэтыя людзі адмаўляюць Бога і цара і глумяцца над нашай верай, што самаўладны наш цар — памазанік Божы. Гэтыя людзі — бандыты і гультаі, якія не жадаюць працаваць; яны хочуць адабраць у прыватных працаўнікоў дабро, якім Бог іх узнагародзіў».
Жыхары Беларусі шанавалі найперш законы, якія павінны былі выконваць улады. Гэтая эўрапейская традыцыя, абуджаная пасьля распаду СССР, і вывела мільёны на плошчы беларускіх гарадоў у 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыкінуцца нежывой — і выжыць. Як Беларусь можа ацалець сярод вайны— Ці многія паўстанцы, рэвалюцыянэры скарысталіся магчымасьцямі агульнаімпэрскіх лібэралізацыяў: пасьля 1863–1864 гадоў — судовай і ўнівэрсытэцкай рэформай, пасьля рэвалюцыі 1905 году — маніфэстам 17 кастрычніка 1905 году?
— Рэформы Аляксандра II пашыраліся на беларускія губэрні са спазьненьнем. Да 1870 году захоўвалася ваеннае становішча. Адзінае, што судовыя выракі доўга рыхтаваліся і не былі такімі жорсткімі, як пры Мікалаю I. Пасьля 1905 году працэс судовага пакараньня рэвалюцыянэраў расьцягнуўся на многія гады. Якуба Коласа асудзілі за ўдзел у настаўніцкім сходзе толькі ў 1910 годзе.
Новы выбарчы закон (3 чэрвеня 1907 году) абмяжоўваў лік дэпутатаў Дзярждумы ад ускраін. Выбары ў Дзяржаўныя Думы ў Беларусі фактычна адбываліся па нацыянальных сьпісах — расейскім, польскім, габрэйскім. Беларускі сьпіс не складаўся наагул. Беларусы-каталікі праходзілі па польскім сьпісе, а праваслаўныя беларусы, пераважна сяляне, — па расейскім.
Царызм абмяжоўваў каталікоў, а гэта давала адпаведную перавагу ў выбарчай барацьбе мясцовым вяскоўцам праваслаўнай веры, якіх запісвалі ў расейцы. Нідзе сяляне ня мелі такога шырокага прадстаўніцтва ў царскіх Думах, як у Беларусі. Яны далучаліся да ўрадавых партый. Беларускія ж дзеячы, ня маючы падтрымкі масаў, былі адціснутыя ад парлямэнцкай барацьбы.
Таму не выпадкова, што на выбарах у III Думу перамогу на беларускіх землях атрымала праўрадавая партыя (80% мандатаў). Рэшта месцаў дасталася ўтворанай у 1907 годзе каталіцкай Краёвай партыі Літвы і Беларусі. Тое ж паўтарылася і падчас выбараў у IV Думу.