Апошнім часам у беларускіх судах на палітычных працэсах забараняюць відэа- і фатаздымкі або робяць іх наагул закрытымі для прэсы і наведнікаў. У Баранавічах заўважылі яшчэ адно абмежаваньне публічнасьці правасудзьдзя.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуў увагу на тое, што на дзяржаўным тэлебачаньні пачалі прыхоўваць твары судзьдзяў, якія выносяць выракі ў палітычна матываваных справах.
У прыватнасьці, у рэпартажы «ТРК Брэст» з судовага паседжаньня па справе вайсковага пэнсіянэра з Баранавічаў Дзьмітрыя Нешты твар судзьдзі Юльяны Шчэрбы быў размыты, каб яе немагчыма было пазнаць. У той жа час твары народных засядацелек пакінулі адкрытымі.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, Дзьмітры Нешта нібыта вырабіў тры «кактэйлі Молатава», якія пасьля кінуў у аўтамабілі вайскоўцаў, што стаялі каля адной з частак. За гэта яго асудзілі на 12 гадоў калёніі.