Парлямэнт Шры Лянкі прыняў адстаўку прэзыдэнта краіны

Пратэсты ў сталіцы Шры Лянкі Калёмба, 13 ліпеня 2022 году

Новага прэзыдэнта Шры Лянкі абяруць 20 ліпеня, да таго часу абавязкі кіраўніка дзяржавы будзе выконваць прэм’ер-міністар.

Парлямэнт Шры Лянкі прыняў адстаўку прэзыдэнта краіны Гатабаі Раджапаксы, заява аб якой была пададзена на фоне масавых пратэстаў у краіне.

Пра гэта інфармуе DW.

Пра прыняцьце адстаўкі паведаміў сьпікер парлямэнту Магінда Япа Абэйвардэна.

Паводле яго слоў, пераемнік Раджапаксы на пасадзе кіраўніка дзяржавы павінен быць абраны ў найбліжэйшы час. Парлямэнт прапануе кандыдатуры 19 ліпеня, а галасаваньне адбудзецца 20 ліпеня, цытуе сьпікера мясцовае выданьне News First.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Шры Лянкі падаў у адстаўку дыстанцыйна з Сынгапура

Паводле закону, калі пасада прэзыдэнта становіцца вакантнай, на яе абіраюць аднаго з дэпутатаў. Ён будзе знаходзіцца на пасадзе на працягу тэрміну, які застаўся да чарговых выбараў, у дадзеным выпадку — да лістапада 2024 году.

Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта раней афіцыйна быў прызначаны прэм’ер-міністар краіны Раніл Вікрамасінгхе. Фактычна ён заняў гэтую пасаду ў сярэдзіне тыдня, пасьля таго як Гатабая Раджапакса ўцёк з краіны ў ноч на 13 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Шры-Ланкі ўцёк з краіны пасьля масавых пратэстаў

Шры Лянка перажывае самы цяжкі эканамічны крызіс з моманту здабыцьця незалежнасьці ў 1948 годзе. У дзяржаве ўзьнік дэфіцыт харчаваньня, мэдыкамэнтаў і паліва, інфляцыя дасягнула ўзроўню 54,6 працэнта, а вонкавы доўг краіны — 51 млрд даляраў.

Палітычная сытуацыя абвастрылася пасьля таго, як пратэстоўцы 9 ліпеня ўварваліся ў палац прэзыдэнта ў найбуйнейшым горадзе краіны Калёмба і падпалілі прыватную рэзыдэнцыю прэм’ер-міністра Вікрамасінгхе.

Пасьля гэтага ўлады Шры Лянкі абвясьцілі ў краіне надзвычайнае становішча і ўвялі камэнданцкую гадзіну.