8 ліпеня на волю выйшла настаўніца музыкі зь Ліды, маці траіх дзяцей Аксана Касьпяровіч, паведамляе ініцыятыва Dissident.by.
Аксану Касьпяровіч затрымалі 30 верасьня проста на працоўным месцы. Напярэдадні да яе прыходзіў прадстаўнік Сьледчага камітэту, які правёў прафіляктычную гутарку.
У віну Аксане паставілі камэнтар, які яна пакінула пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцэра.
«Ён абараняўся як мог», — напісала Касьпяровіч пра Зельцара. Гэтага хапіла для крымінальнай справы паводле артыкулу 130 «Распальваньне варожасьці».
Жанчыну доўга трымалі ў жодзінскім СІЗА, а потым перавялі ў турму Горадні.
10 чэрвеня КДБ унёс Касьпяровіч у сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
29 чэрвеня ў Горадзенскім абласным судзе палітзьняволеную пакаралі годам і двума месяцамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнтцы з «тэрарыстычнага сьпісу» прысудзілі 6,5 года зьняволеньня за антываенны пост