Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs заявіла, што Беларусь дапусьціла дэфолт па замежных даўгавых абавязаньнях, гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.
13 чэрвеня закончыўся льготны пэрыяд, на працягу якога Беларусь павінна была выплаціць 22,9 млн даляраў па эўрааблігацыях Беларусь-27. Міністэрства фінансаў Беларусі правяло выплаты ў беларускіх рублях, трымальнікі аблігацый не змаглі іх атрымаць, што ў Moodyʼs расцанілі як дэфолт.
Выпуск 10-гадовых эўрааблігацый Belarus-27 на $600 млн з прыбытковасьцю 7,625% гадавых разьмешчаны ў чэрвені 2017 году. Агулам цяпер у абарачэньні знаходзіцца 5 выпускаў беларускіх эўрабондаў на агульную суму $3,25 млрд. Апошні раз Беларусь выходзіла на рынак эўрааблігацый у чэрвені 2020 году, калі разьмясьціла 5-гадовыя эўрабонды на $500 млн пад 6,125% і 10-гадовыя на $750 млн пад 6,3.
28 чэрвеня Беларусь усьлед за Расеяй аб’явіла пра пераход на пагашэньне замежных даўгавых абавязаньняў у нацыянальнай валюце. 22 чэрвеня ўказ аб выплатах па замежным дзярждоўгу ў рублях падпісаў кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. 27 чэрвеня Moody's паведаміла аб дэфолце Расеі па эўрабондах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь будзе выконваць абавязаньні па эўрабондах у беларускіх рублях ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва Fitch Ratings зафіксавала ў Беларусі пераддэфолтны стан ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфолт Беларусі ці яшчэ не? Адказ эканаміста