Дасьледаваньне пра дзяржаўныя СМІ
Міністэрства інфармацыі хоча замовіць дасьледаваньне пра давер да нацыянальнага кантэнту ў беларускіх СМІ. Адпаведны тэндэр разьмешчаны на сайце дзяржзакупак.
Поўная назва будучага дасьледаваньня гучыць так: «Вызначэньне эмпірычных паказчыкаў папулярнасьці і ступені даверу нацыянальнаму кантэнту беларускіх традыцыйных мас-мэдыя і інтэрнэт-рэсурсаў: фактары і тэндэнцыі».
Патраціць на дасьледаваньне гатовыя 26 тысяч рублёў, або 10 тысяч даляраў па цяперашнім курсе. Прадмет дасьледаваньня — паказчыкі папулярнасьці і даверу да нацыянальнага кантэнту беларускіх мас-мэдыя.
Асноўная мэта дасьледаваньня — «распрацоўка эмпірычнай мадэлі запатрабавальнасьці і эфэктыўнасьці нацыянальных СМІ». Прасьцей кажучы, аўтары дасьледаваньня павінны патлумачыць, як зрабіць, каб дзяржаўным мэдыя давяралі. У дасьледаваньні, згодна з задумай, маюць паўдзельнічаць 600 рэспандэнтаў.
Падобны тэндэр Мінінфармацыі разьмяшчае ўжо трэці раз. Першы раз, летась у верасьні, мэтай дасьледаваньня ставілася «Распрацоўка рэкамэндацый і прапаноў па павышэньні ўзроўню даверу насельніцтва да розных відаў СМІ». Тады на гэта хацелі патраціць амаль удвая больш — 50 тысяч рублёў.
Аўкцыён прызналі несапраўдным, бо паўдзельнічаць у ім захацеў толькі Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі, а трэба, каб удзельнічалі хаця б 2 арганізацыі.
Другі раз заяўку падалі сёлета ў чэрвені. Тады дасьледаваньне гучала як «Фактары і ўмовы павышэньня даверу насельніцтва Беларусі да нацыянальных СМІ». І паўдзельнічаць у аўкцыёне зноў захацеў толькі Інстытут сацыялёгіі. Кошт таксама выставілі 50 тысяч рублёў.
Фатапасткі, здымачы і сэрвэры. Што набываюць сілавікі
11 сэрвэраў для захоўваньня інфармацыі набывае галоўнае ўпраўленьне камандуючага ўнутранымі войскамі МУС. Кошт — 38 500 рублёў, або 14,9 тысячы даляраў.
МУС набывае сабе 10 фатапастак за 10 тысяч рублёў і яшчэ 23 фатапасткі ў камплекце за 12,6 тысячы рублёў. Агулам — 8,7 тысячы даляраў. Фатапастка — гэта прыстасаваньне, якое рэагуе на рух і ўключае відэа і фатаздымку, а пасьля ці то накіроўвае яго на пошту, ці то захоўвае на здымным носьбіце.
Таксама МУС набывае 8 фотаапаратаў і 1 прафэсійны здымач за 12 200 рублёў і 7 люстэркавых фатакамэраў за 14 980 рублёў. Агулам на 10,5 тысячы даляраў.
Мяркуючы па тэндэрах, у сілавікоў карыстаецца папулярнасьцю кніга генпракурора Андрэя Шведа «Генацыд беларускага народу» — яе набываюць як у турмы, так і ў прафэсійны ліцэй МУС, як у дамы-інтэрнаты, так і ў Камітэт судовых экспэртыз. Кошт кнігі — 23 рублі.
«Мы на свае вочы назіралі за тым, як два гады таму на беларускай зямлі хацелі паўтарыць падзеі мінулага, але ўжо з новымі ідэйнымі натхняльнікамі і ў новай апрацоўцы. Гэта стала магчымым выключна з той прычыны, што мы не гаварылі пра нашу гісторыю так, як павінны. Мы замоўчвалі як на міжнародным узроўні, так і ўнутры сваёй краіны трагедыю нашага народу», — казаў Швед пра сваю кнігу.
І кветкі для Сьледчага камітэту
Кветкавую кампазыцыю са штучных кветак набывае сабе Інстытут падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Сьледчага камітэту за 1185 рублёў, або за 450 даляраў.
«Кампазыцыя са штучных кветак у плястыкавым або керамічным кашпо з пакрыцьцём, якое фіксуе асновы мохам, якая складаецца з руж, піёнавідных руж, півонь, гладыёлюсаў і інш. бутонаў, а таксама буйналіставой і дробналіставой зеляніны. Каляровая гама: белы, зялёны, далікатна-ружовы, бэжавы, пэрсікавы і пастэльныя колеры», — гаворыцца ў апісаньні да тэндэра.