У Шатляндыі знойдзены невядомы аўтапартрэт Ван Гога

У Шатляндыі выявілі карціну, якая «абсалютна пэўна» зьяўляецца раней невядомым аўтапартрэтам Вінцэнта Ван Гога. Яна хавалася за іншым палатном францускага мастака — «Партрэтам сялянкі ў белым каптуры», якое захоўваецца ў Нацыянальнай галерэі Шатляндыі.

Неверагодную знаходку зрабілі выпадкова. Напярэдадні адкрыцьця выставы, прысьвечанай імпрэсіяністам, у Каралеўскай шатляндзкай акадэміі ў Эдынбургу куратары вырашылі зрабіць рэнтгенаўскі здымак працы Ван Гога 1885 году. На адваротным баку палатна, замазаны некалькімі пластамі клею і закрыты кардонам, выявіўся малюнак, які амаль напэўна ёсьць аўтапартрэтам самога мастака. Ван Гог часта вымушаны быў эканоміць і выкарыстоўваць свае палотны з абодвух бакоў.

Па ўсёй верагоднасьці, выяву заклеілі пры падрыхтоўцы карціны да выставы, якая адбылася на пачатку XX стагодзьдзя, адзначае BBC.

На рэнтгенаўскім здымку відаць барадаты мужчына ў капелюшы і нядбайна павязанай шыйнай хустцы. Выразна відаць яго левае вуха: Ван Гог адрэзаў яго ў парыве гневу праз тры гады пасьля напісаньня «Партрэта сялянкі ў белым каптуры». Пасьля гэтага яго абвясьцілі варʼятам.

Пакуль наведвальнікі выставы ў Эдынбургу змогуць убачыць гэты накід як рэнтгенаўскі здымак з дапамогай спэцыяльнага прыстасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З галяндзкага музэя, закрытага праз пандэмію, скралі карціну Ван Гога