Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ) і Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) могуць быць зьліквідаваныя рашэньнем Вярхоўнага суду. Паседжаньне плянуецца на 14 ліпеня.
Напярэдадні суду лідэр СПМ Аляксандар Бухвостаў трапіў у шпіталь з праблемамі з сэрцам. Раней пасьля допытаў у КДБ ён ужо правёў некалькі тыдняў у лякарні з гэтымі праблемамі. На 14 ліпеня заплянаваная каранаграфія.
Бухвостаў і юрыст Ігар Комлік напісалі хадайніцтва аб пераносе судовага паседжаньня. Справа ня толькі ў праблемах са здароўем, але і ў тым, што прафсаюз ніяк не паінфармавалі аб тым, што суд будзе закрытым, піша «Народная воля».
Пры гэтым Аляксандар Бухвостаў не разумее, навошта ўладам закрыты працэс, калі раней у прапагандысцкіх фільмах ужо паказвалі шэраг абставінаў, у тым ліку фактычна прызналіся ў незаконным умяшаньні ў прыватнае жыцьцё.
«Якія могуць быць таямніцы, калі напярэдадні па БТ паказалі фільм пра дзейнасьць незалежных прафсаюзаў, у якім выкарыстоўвалі нават фрагмэнты з допытаў прафсаюзных лідэраў? Што ўтойваць, калі ў эфір трапілі нават прыватныя тэлефонныя размовы?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд зьліквідаваў два незалежныя прафсаюзы, справы яшчэ трох чакаюць разгляду, лідэры — у турмеРаней у паведамленьні прэс-службы Генпракуратуры адзначалася, што дзейнасьць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасьцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».
Напярэдадні, 13 ліпеня, Вярхоўны суд Беларусі канчаткова зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і Беларускі незалежны прафсаюз.
БНП: ідэю нельга закрыць!
У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбылося закрытае судовае паседжаньне аб ліквідацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП). Ініцыятарам ліквідацыі выступіла Генэральная пракуратура, піша БДКП.
У якасьці прадстаўнікоў прафсаюзу на паседжаньні выступілі старшыня БНП Максім Пазьнякоў і юрыст прафсаюзу Марына Сацукевіч. Нягледзячы на довады прафсаюзнага лідэра і юрыста, суд пастанавіў зьліквідаваць прафсаюз і яго структуру зь нізавых арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узначальвалі рабочы рух яшчэ ў 90-х. Каго затрымалі ў справе незалежных прафсаюзаўНа сёньня на легальным становішчы заставаліся яшчэ дзьве нізавыя арганізацыі — на ААТ «Беларуськалій» і УСП «Трэст «Рэммантажбуд», якія аб’ядноўвалі больш за 2000 работнікаў. У найбліжэйшы час у прафсаюзе будзе сфармавана камісія, якая зоймецца ліквідацыяй прафсаюзнай структуры. Яна зоймецца таксама рэарганізацыйнымі і маёмаснымі пытаньнямі.
«У сваю чаргу, мы дзякуем усім работнікам, якія былі часткай Незалежнага прафсаюзу да самага канца. БНП увайшоў у гісторыю як найбольш пасьпяховы дэмакратычны прафсаюз у найноўшай гісторыі Беларусі. Разам зь ім у гісторыю ўвайшлі і тыя, хто жадаў „людзьмі звацца“. Вялікі вам дзякуй! Мы ўпэўненыя, што з нашай ліквідацыяй працоўны рух у нашай краіне ня зьнікне, бо ідэю нельга закрыць!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодны прафсаюз Беларускі, які ўлады намагаюцца закрыць, прынялі ў міжнародныя прафсаюзныя цэнтры