Намесьнік міністра фінансаў ЗША Ўолі Адэема заявіў 13 ліпеня, што цэны ў Злучаных Штатах застаюцца занадта высокімі, і адміністрацыя Джо Байдэна павінна зрабіць усё магчымае, каб зьнізіць іх, у тым ліку дзякуючы абмежаваньню цэнаў на нафту, якая экспартуецца з Расеі. Пра гэта піша Reuters.
У інтэрвію CNBC Адэема сказаў, што, на яго думку, іншыя краіны былі б «вельмі зацікаўлены» ў абмежаваньні цэн, якое зараз абмяркоўваецца міністрам фінансаў Джанэт Елен з кіраўнікамі фінансавых ведамстваў краін G20, паколькі гэта яшчэ больш зьнізіць іх выдаткі на энэрганосьбіты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінфін ЗША: Амэрыка і саюзьнікі могуць абмежаваць даходы Расеі ад нафтыПа словах Адэема, увядзеньне верхняй мяжы цаны на расейскую нафту — гэта «наступны крок» у аказаньні ціску на Расею з мэтай прымусіць яе спыніць вайну ва Ўкраіне.
«Мы хочам, каб гэтая нафта пастаўлялася, таму што мы хочам, каб цэны на нафту зьнізіліся, каб нашыя спажыўцы плацілі менш, але мы таксама хочам зьменшыць суму прыбытку, які Расея атрымлівае ад продажу нафты, каб пераканацца ў тым, што ў іх будзе менш грошай на падтрыманьне сваёй эканомікі», — сказаў Адэема.
У выпадку посьпеху гэтыя абмежаваньні прымусяць Расею выбіраць паміж падтрымкай сваёй эканомікі і фінансаваньнем ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, дадаў ён.
Камэнтары Адэема прагучалі пасьля выхаду сьвежых зьвестак аб інфляцыі ў ЗША. У чэрвені гадавыя тэмпы росту спажывецкіх цэн узрасьлі да 9,1 працэнта, што стала самым высокім паказчыкам з 1981 году. Цяпер відавочна, што Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма амаль напэўна павысіць працэнтныя стаўкі яшчэ на ¾ працэнта ў канцы ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Der Spiegel: Расеі дазволяць транзыт тавараў у Калінінград ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэны на нафту ўпершыню з канца красавіка апусьціліся ніжэй за 100 даляраў за барэль ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Расея «бярэ ў закладнікі ўвесь сьвет»