З Украіны ад пачатку вайны выехала колькасьць людзей, роўная насельніцтву Беларусі

Украінскія ўцекачы ў Польшчы

Больш як 9 мільёнаў чалавек выехалі з Украіны ад пачатку расейскага ўварваньня, паведамляе Агенцтва ААН у справах уцекачоў.

Найбольш украінскіх бежанцаў у Эўразьвязе прыняла Польшча: на 11 ліпеня ў краіне афіцыйна зарэгістравана 1221596 украінцаў, якія ратуюцца ад вайны. Каля 900 тысяч знайшлі прытулак у Нямеччыне, 391 тысяча – у Чэхіі, прыкладна па 150 тысяч – у Турэччынеі і Італіі. Крыху больш за па 80 тысяч уцекачоў застаюцца ў Малдове, Румыніі і Славаччыне.

У Расеі, паводле ацэнак ААН, на 12 ліпеня знаходзіўся 1625531 уцякач з Украіны. Расейскія СМІ са спасылкай на сілавыя структуры заяўляюць пра больш як 2 млн чалавек. Высьветліць дакладную колькасьць бежанцаў у Расеі немагчыма: краіна не падае дадзеных аб тым, як праходзіць рэгістрацыя ўцекачоў і які статус яны атрымліваюць. Акрамя таго, разыходжаньне ў лічбах можа быць выклікана тым, што ў бежанцаў з усходу і паўднёвага ўсходу Ўкраіны могуць быць пашпарты не Ўкраіны, а самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР», і нават расейскія дакумэнты. Няма таксама лічбаў, па якіх можна было б меркаваць, колькі ўкраінцаў вярнуліся на радзіму або палічылі за лепшае пасьля пераехаць з Расеі ў іншыя краіны.

Паводле апытаньня, праведзенага Агенцтвам ААН у справах бежанцаў у шасьці эўрапейскіх краінах, большасьць украінцаў, якія атрымалі там прытулак, жадалі б пасьля заканчэньня вайны вярнуцца на радзіму. Траціна зь іх плянуе вяртаньне ў бліжэйшы час, аднак дзьве траціны не гатовыя зрабіць гэта да ўстанаўленьня ва Украіне трывалага міру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2021 годзе насельніцтва Беларусі скарацілася на 94 тысячы чалавек