«Міністэрства замежных спраў Украіны рашуча асуджае рашэньне Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі прызнаць так званую «незалежнасьць» часова акупаваных Расейскай Фэдэрацыяй тэрыторый у Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны», — гаворыцца ў заяве сьпікера МЗС Украіны Алега Нікаленкі.
Украіна разглядае гэтае рашэньне як спробу падарваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны з боку Пхэньяну, грубае парушэньне Канстытуцыі Ўкраіны, Статуту ААН і асноўных нормаў і прынцыпаў міжнароднага права.
«Прызнаньне паўночнакарэйскім рэжымам „суб’ектнасьці“ расейскіх акупацыйных рэжымаў на Данеччыне і Луганшчыне нікчэмнае, ня будзе мець юрыдычных наступстваў і ня зьменіць міжнародна прызнаных межаў Украіны», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэул: Паўночная Карэя зрабіла некалькі ракетных стрэлаўУ адказ на недружалюбны акт Украіна заяўляе аб разрыве дыпляматычных адносін з Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікай.
У той жа час палітычныя і эканамічныя кантакты з КНДР не ажыцьцяўляюцца з прычыны накладзеных на гэтую краіну міжнародных санкцый, падкрэсьлілі ў МЗС.
- Раней у сераду расейскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на амбасаду КНДР у Маскве паведамілі аб прызнаньні Паўночнай Карэяй незалежнасьці так званых «ЛНР/ДНР».
- Паўночная Карэя, якая лічыцца адной з найбольш закрытых і несвабодных краін сьвету, стала трэцяй пасьля Расеі і Сырыі краінай — сябрам ААН, якая прызнала «ДНР» і «ЛНР».
- 30 чэрвеня Ўкраіна разарвала дыпляматычныя адносіны з Сырыяй у адказ на прызнаньне «незалежнасьці» «ЛНР/ДНР».