Беларусь адкрыла пасольства ў Зымбабвэ, дзе беларуская вярхушка мае свае камэрцыйныя інтарэсы

На цырымоніі адкрыцьця

У сталіцы Зымбабвэ Харарэ 11 ліпеня прайшла цырымонія адкрыцьця амбасады Беларусі ў гэтай паўднёваафрыканскай дзяржаве, паведамляе пасольства ў ПАР.

Паводле кіраўніка дыпмісіі Аляксандра Сідарука, адносіны Беларусі і Зымбабвэ «стануць яшчэ бліжэйшымі, што дасьць магчымасьць працягнуць эфэктыўную працу на карысьць народаў абедзьвюх краін».

На пасаду амбасадара ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Анголе, Зымбабвэ, Мазамбіку і Намібіі ён быў прызначаны ў сьнежні 2017 году.

Некалькі тыдняў таму ў Зымбабвэ разгарэўся карупцыйны скандал праз закуп у Беларусі 70 пажарных машын. Кошт гэтых машын — па 464 тысячы даляраў за кожную — у Зымбабвэ палічылі завышаным. Пры гэтым прадавала машыны беларуская кампанія, уладальнік якой Аляксандар Зінгман — ганаровы консул Зымбабвэ ў Беларусі.

Будынак амбасады Беларусі ў Харарэ

Міністэрства мясцовага самакіраваньня Зымбабвэ, апраўдваючыся перад сваім парлямэнтам, спасылалася на пагадненьне паміж урадамі Зымбабвэ і Беларусі, аднак праваабаронцы з арганізацыі ZLHR (Zimbabwe Lawyers for Human Rights) не знайшлі такіх дакумэнтаў, якія рэглямэнтавалі б кошт закупу.

А летась сьледчыя літоўскага цэнтру Siena, аб’яднаньня журналістаў-сьледчых OCCRP і тэлеканалу «Белсат», вывучыўшы «Дасье Пандоры», высьветлілі, што сын былога кіраўніка спраў прэзыдэнта Беларусі Віктара Шэймана Сяргей і бізнэсовец Аляксандар Зінгман праз афшорную кампанію валодаюць доляй у фірме Zim Goldfields, якая здабывае золата ў Зымбабвэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дасье Пандоры»: сын кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі і ганаровы консул Аляксандар Зінгман займаліся здабычай золата ў Зымбабвэ
  • Дыпляматычныя дачыненьні Беларусь і Зымбабвэ ўсталявалі 16 красавіка 1992 году.
  • У 2019 годзе ў Менску адкрылі ганаровае консульства Зымбабвэ. Ганаровым консулам стаў бізнэсовец Аляксандар Зінгман, які на той момант быў вядомы як пастаўшчык беларускай тэхнікі ў Афрыку. Увесну 2021 году Зінгмана і яго партнэраў затрымалі праз падазрэньне ў гандлі зброяй і падрыхтоўцы перавароту ў Конга, але пазьней адпусьцілі.
  • Узаемны таваразварот у 2021 годзе склаў больш за 25 млн даляраў (экспарт Беларусі — каля 16,5 млн, імпарт з Зымбабвэ — 8,5 млн, дадатнае сальда — каля 8 млн).
  • Зымбабвэ ўваходзіць у групу краін, якія рэгулярна салідарызуюцца з афіцыйным Менскам на міжнародных пляцоўках.
  • Адносіны з краінай курыруе былы кіраўнік спраў і даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. Афіцыйна пра яго пасаду не паведамлялася, аднак СМІ называюць яго «адмысловым прадстаўніком» Лукашэнкі.