На вядомага расейскага апазыцыянэра Яшына завялі крымінальную справу за эфір пра масавыя забойствы ў Бучы

Ільля Яшын

«Стрым» палітычнага актывіста стаў падставай для расьсьледаваньня, у выніку Яшына ня выпусьцілі з-пад варты пасьля адміністрацыйнага арышту.

Супраць расейскага апазыцыянэра Ільлі Яшына пачалі крымінальную справу паводле артыкулу аб распаўсюдзе «фэйкаў аб расейскім войску». У яго дома ў Маскве прайшоў ператрус. Пра гэта паведаміў адвакат Вадзім Прохараў, піша расейская служба Радыё Свабода.

Па словах Прохарава, справу пачало Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту. Як паведамляе «ОВД-Инфо» са спасылкай на іншага адваката, Міхаіла Бірукова, падставай стаў эфір Яшына ў Youtube ад 7 красавіка, у якім палітык гаварыў пра масавыя забойствы ў Бучы пад Кіевам. Яшын абвінавачваў у іх расейскіх салдатаў і цытаваў зьнятае ў горадзе відэа BBC.

Цяпер апазыцыянэру пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самае страшнае — твары людзей, якія перажылі акупацыю». Беларускі добраахвотнік «Барсук» пра вызваленую Бучу

Ільля Яшын — адзін зь нямногіх вядомых апазыцыйных палітыкаў, хто ня зьехаў з Расеі пасьля хвалі рэпрэсій супраць прыхільнікаў Аляксея Навальнага і пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Ён публічна выступаў супраць вайны і абвінавачваў у ёй прэзыдэнта Пуціна.

28 чэрвеня Яшына арыштавалі на 15 сутак у адміністрацыйнай справе аб непадпарадкаваньні паліцыі. Яго затрымалі ўначы, калі ён гуляў у парку ў цэнтры Масквы. Сам Яшын сьцьвярджаў, што ніякага непадпарадкаваньня пры затрыманьні не аказваў.

На мінулым тыдні паводле артыкулу аб «фэйках» аб расейскім войску на 7 гадоў пазбаўленьня волі асудзілі калегу Яшына па муніцыпальным сходзе раёну Краснасельскі (Яшын раней узначальваў савет дэпутатаў, але летась пайшоў у адстаўку) Аляксея Горынава. Гэта першы рэальны турэмны тэрмін па гэтым артыкуле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза»: 30% апытаных у Расеі — за тое, каб неадкладна спыніць вайну

Раней Яшын сьцьвярджаў, што ўлады спрабуюць прымусіць яго зьехаць з Расеі, чаго ён рабіць не зьбіраецца.

У Расеі завялі больш за 70 крымінальных спраў паводле артыкулу аб «фэйках аб арміі». «Няпэўнымі зьвесткамі» сьледчыя органы лічаць, у прыватнасьці, сьцьвярджэньні аб баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Міністэрства абароны. У прыватнасьці, справы пачыналі супраць людзей, якія казалі, што ва Ўкраіне ў выніку расейскіх абстрэлаў гінулі мірныя жыхары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі вынесьлі вырак дэпутату ў справе аб «фэйках» пра вайну з Украінай: 7 гадоў калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя ўлада вельмі моцная. Што з гэтым рабіць, я не разумею». Мэцэнат Барыс Зімін пра перамогу прапаганды ў Расеі