Камітэт па правах чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь палітзьняволенай Яны Пінчук

Яна Пінчук.

Камітэт па правах чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук і забясьпечыць абарону яе жыцьця і недатыкальнасьці да разгляду камітэтам яе скаргі.

На радзіме ёй пагражае да 19 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у стварэньні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».

Гэта першы выпадак умяшаньня структуры ААН у справы аб дэпартацыі з Расеі беларускіх апазыцыянэраў, сказала ў камэнтары Бі-бі-сі адвакат дзяўчыны Марыя Бяляева. Да гэтага часу праваабаронцам удавалася прыпыніць дэпартацыю з дапамогай Эўрапейскага суду па правах чалавека — але расейскія ўлады адмовіліся ад выкананьня яго рашэньняў пасьля выключэньня Расеі з Рады Эўропы, адзначае Наша Ніва.

Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбурга з лістапада 2021 года. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і праз дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна прад’явілі абвінавачваньне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Расеі пастанавіў экстрадаваць у Беларусь Яну Пінчук, якая была адміністратаркай пратэставых тэлеграм-каналаў

Расейская пракуратура пагадзілася яе выдаць па трох з іх: аб распальваньні сацыяльнай варожасьці, закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.

Апэляцыю Пінчук на рашэньне першай судовай інстанцыі аб яе дэпартацыі заўтра разгледзіць 2-гі Апэляцыйны суд у Пецярбургу. Камітэт па правах чалавека ААН таксама прапануе Расеі даць Пінчук доступ да працэдураў наданьня часовага прытулку, пра які яна прасіла. Раней расейскія ўлады ёй у гэтым адмовілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі рэдка сустрэнеш такога моцнага чалавека». Што адбываецца з палітзьняволенай Янай Пінчук