Кіраўніка Шры-Лянкі ня выпусьціў з краіны пэрсанал аэрапорту, чакаецца адстаўка прэзыдэнта

Пратэстоўцы ў Калёмба 9 ліпеня

У краіне вялікі эканамічны крызіс. Прэзыдэнт, чыю рэзыдэнцыю атачылі пратэстоўцы, хацеў вылецець за мяжу, але яму не далі гэтага зрабіць.

Прэзыдэнт Шры-Лянкі затрымаўся ў сваёй краіне праз іміграцыйны пэрсанал аэрапорту, які блякаваў яго выезд у бясьпечнае месца за мяжу, паведамілі RFI афіцыйныя крыніцы на востраве. Гатабая Раджапакса паабяцаў пайсьці ў адстаўку і расчысьціць шлях для «мірнага пераходу ўлады» пасьля масавых пратэстаў супраць яго ў сувязі зь нечуваным эканамічным крызісам у краіне.

73-гадовы лідэр пакінуў сваю афіцыйную рэзыдэнцыю ў Калёмба перад тым, як дзясяткі тысяч пратэстоўцаў захапілі яе ў суботу, 9 ліпеня, і хацеў вылецець у Дубай, паведамілі чыноўнікі.

Як прэзыдэнт Раджапакса карыстаецца імунітэтам ад арышту, і, як мяркуюць, ён хоча выехаць за мяжу, перш чым пайсьці ў адстаўку, каб пазьбегнуць верагоднасьці быць затрыманым. Але супрацоўнікі іміграцыйнай службы адмовіліся ісьці ў пакой «люкс» да яго ставіць штамп у пашпарце, у той час як той настойваў, што ня будзе праходзіць праз цывільныя аб’екты, баючыся расправы з боку іншых карыстальнікаў аэрапорту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Шры-Лянкі сыдзе ў адстаўку, заявіў сьпікер парлямэнту краіны

Прэзыдэнт і яго жонка правялі ноч на вайсковай базе побач з галоўным міжнародным аэрапортам пасьля таго, як прапусьцілі чатыры рэйсы, якія маглі даставіць іх у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Не выпускаюць з краіны і малодшага брата Раджапаксы, які, акрамя шрылянкійскага, мае грамадзянства ЗША.

Афіцыйныя крыніцы паведамілі, што валізка, поўная дакумэнтаў і грошай, была пакінутая ў велічным асабняку, цяпер рэчы знаходзяцца пад вартай суду Калёмба.

Адзін з варыянтаў, які ўсё яшчэ застаецца адкрытым для прэзыдэнта, — адправіцца на караблі ВМС у Індыю або на Мальдывы, паведаміла крыніца ў Міністэрстве абароны.

Калі Раджапакса пойдзе ў адстаўку, як было абяцана, прэм’ер-міністар Раніль Вікрэмэсінгхэ аўтаматычна стане выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, пакуль парлямэнт не выбера дэпутата на прэзыдэнцкі тэрмін, які заканчваецца ў лістападзе 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэстоўцы на Шры-Лянцы падпалілі рэзыдэнцыю прэм'ер-міністра

Гатабая Раджапакса 9 ліпеня пакінуў сваю рэзыдэнцыю ў Калёмба перад тым, як яе захапілі дзясяткі тысяч пратэстоўцаў. Яны абвінавачваюць яго ў дрэнным кіраваньні эканомікай: у краіне скончылася замежная валюта для фінансаваньня нават самага неабходнага імпарту, гэта прывяло да сур’ёзных цяжкасьцяў для 22-мільённага насельніцтва Шры-Лянкі.

У красавіку дзяржава аб’явіла дэфолт па вонкавым доўгу ў памеры 51 мільярда даляраў і вядзе перамовы з МВФ аб магчымай дапамозе. Востраў амаль вычарпаў і без таго дэфіцытныя запасы бэнзіну. Тады ўрад загадаў закрыць «неістотныя» офісы і школы, каб скараціць паездкі на працу і зэканоміць паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 702 мільёны чалавек у сьвеце галадаюць. ЗША: адказнасьць за крызіс у галіне харчовай бясьпекі нясе Расея