Глядзець размову на відэа цалкам
Сьцісла
- Прыяжджаю ў любую дыяспару — і адразу адчуваю, нібы я сярод сяброў, бо ў нас агульныя ідэі, мэты і мары.
- Я ня ведаю, калі пераможам, але ведаю, што заўтра я зноў буду рабіць нешта для нашага пратэсту, заўтра буду зноў падтрымліваць людзей.
- Пакуль вайна ня скончыцца, пакуль мы не адбудуем спартовую інфраструктуру ва Ўкраіне, санкцыі будуць працягваць дзейнічаць.
- Ня ведаю, дзе мы на гэтай дыстанцыі, але самае галоўнае, што мы па ёй рушым да сваёй мэты.
«Праз спорт, праз баскетбол мне яшчэ прасьцей кантактаваць зь людзьмі»
— Ты цяпер у Празе, дзе 10 ліпеня арганізавала баскетбольны матч для беларусаў Чэхіі. Раскажы пра гэтую ініцыятыву сустрэчаў, ня толькі баскетбольных, зь беларусамі ў розных краінах сьвету. Якая іх мэта?
— Мне важны кожны беларус, які прыходзіць. Я прыяжджаю да дыяспараў і запрашаю любога ахвочага прыйсьці і пагуляць са мною ў баскетбол. Са мною ў баскетбол могуць гуляць зусім розныя людзі ў любой фізычнай форме і кандыцыі, і дзеці, і вельмі дарослыя людзі. Я хачу ўсім даць адчуць агульны «дзьвіж». Я магу вельмі лёгка знаходзіць агульную мову зь людзьмі, калі разам займаемся спортам. У нас і так агульная барацьба.
Я прыяжджаю ў любую дыяспару — і адразу адчуваю, нібы я сярод сваіх сяброў, бо ў нас агульныя ідэі, мэты і мары. А праз спорт, праз баскетбол мне яшчэ прасьцей кантактаваць зь людзьмі. У Празе мы дзьве гадзіны проста рагаталі, абдымаліся, гулялі ў баскетбол. Мне ў Інстаграм прыходзіла шмат паведамленьняў ад беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны, ім падаецца, што ўсё спынілася, што ўвесь гэты пратэст быў бессэнсоўны, што зьмяніць нешта ўжо немагчыма. А я знаходжуся ў Эўропе сярод тысяч беларусаў, якія працягваюць кожны дзень нешта рабіць дзеля нашай агульнай мэты.
І мне вельмі захацелася паказаць усім беларусам, што нягледзячы на тое, што няма карцінкі пратэсту ў Беларусі празь вялізарныя рэпрэсіі, але ёсьць дзясяткі тысяч беларусаў ва ўсім сьвеце, якія працягваюць нешта рабіць. Менавіта з гэтай мэтай я прыяжджаю ў дыяспары, гуляю ў баскетбол, крыху разьнявольваю людзей, потым у некаторых зь іх бяру інтэрвію, пытаюся пра тое, што ваша дыяспара зрабіла і робіць. Я бяру сярэднестатыстычнага беларуса, які зь нейкіх прычын апынуўся ў гэтай дыяспары, і пытаюся, што ён робіць. Цяпер мы яшчэ здымаем пэўны матэрыял, потым выпусьцім яго на Youtube. Мая мэта, каб людзі пабачылі, што дзясяткі тысяч беларусаў працягваюць змагацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маўчаньне або выгнаньне. Лёс спартоўцаў пры дыктатуры«Пераможам абавязкова»
— Калі мы гулялі з вамі ў баскетбол, вы вельмі моцна падтрымлівалі ўсіх гульцоў, і тых хто зусім ня ўмее гуляць. Вы давалі моцны пазытыўны зарад. Як такую канцэпцыю перанесьці на ўсё, што цяпер адбываецца, як слушна гаварыць пра тое, што ня ўсё страчана, што ёсьць і будуць рэальныя вынікі?
— Маё баскетбольнае жыцьцё і жыцьцё ў цэлым, асабліва пратэставае цяпер, вельмі падобныя. У баскетболе ты не спыняесься, працягваеш выходзіць на пляцоўку, няважна, стаміўся ці не стаміўся, нешта баліць ці не баліць, ты змагаесься кожную сэкунду на кожным мэтры гэтай пляцоўкі, і ў выніку ўсё роўна нешта будзе. Сёньня пацярпіш паразу, але калі працягнеш гэта рабіць дзень пры дні кожны месяц, гэта будзе заўсёды крок наперад. Вельмі часта ў мяне пытаюцца, калі пераможам. Я кажу, што ня ведаю, калі пераможам, але ведаю, што заўтра я зноў буду рабіць нешта для нашага пратэсту, заўтра буду зноў падтрымліваць людзей.
У мяне няма адказу на пытаньне, калі пераможам. У нейкі момант мне было цяжка, што няма канкрэтнай даты, а потым я зразумела, што гэта працэс, і я павінна ў ім умудрыцца атрымліваць асалоду ад самога працэсу, знайсьці, як падтрымліваць людзей, якія вакол мяне. Я падтрымлівала гульца не таму, што я хлусіла, што ён маладзец, а таму, што для мяне ён маладзец. Выйшаў са мной на пляцоўку, няважна, забілі ці не забілі, галоўнае, каб быў часткай групы і мы гулялі разам у баскетбол. Гэтак жа як і пратэст. Ты асабіста ня скінуў рэжым, але ўсё роўна кожны дзень нешта робіш. Такіх людзей я буду падтрымліваць і на пляцоўцы, і ў пратэсьце.
— Вы не адказваеце на пытаньне, калі пераможам. А як адказваецца на пытаньне, ці пераможам мы?
— Што значыць — пераможам ці не пераможам? Пераможам. Я ж у гэтай камандзе, пераможам абавязкова. Нехта зь беларусак, якія са мной гулялі, выставіла пост у сацсетках пра тое, што мама ёй сказала: «Як ты ўвогуле гуляеш у баскетбол, ты ж Каці ўвогуле па пупок». А яна адказвае: «Дык увогуле няважна, я ж з Кацяй у адной камандзе была. Я клясна гуляла, і мы перамаглі». Мае сябры, людзі, якія побач са мной, ведаюць маю мэнтальнасьць, як я па жыцьці іду. Гэта не напускное «Пераможам». Я ў гэта веру, бо я нешта раблю, і людзі вакол мяне працягваюць дзяўбці кожны дзень.
«Гэта будзе закансэрваванае разьвіцьцё, калі яны змогуць гуляць толькі паміж зборнымі Расеі і Беларусі»
— Вы пачалі гаварыць пра сваё баскетбольнае жыцьцё. Якое яно цяпер?
— У мяне скончыўся кантракт у Турэччыне, і мой агент шукае мне наступны кантракт, дык цяпер у мяне вакацыі. Мінулы месяц я вельмі мала трэніравалася, цяпер пачынаю набіраць фізычную форму. Шмат часу праводжу ў трэнажорнай залі, бегаю, трэніруюся, а гуляць у баскетбол у мяне атрымліваецца толькі зь беларусамі.
— Праз вайну расейскіх і беларускіх спартоўцаў пазбаўляюць магчымасьці ўдзельнічаць у пераважнай большасьці міжнародных спаборніцтваў. Ці тычыцца гэта ўсіх спартоўцаў зь беларускім пашпартам, у тым ліку тых, хто падпісаў ліст вольных спартоўцаў?
— Ёсьць баскетбалісткі з маёй каманды, якія падпісалі гэты ліст, цяпер яны ня могуць выступаць за нацыянальную каманду, усе дарогі абрэзаныя. Але можна паехаць выступаць паводле кантракту ў нейкім клюбе.
— Адзін з блогаў на Свабодзе называўся «Маўчаньне або выгнаньне. Лёс спартоўцаў пры дыктатуры». Які выбар стаіць цяпер перад беларускімі спартоўцамі і што яны рэальна могуць зрабіць?
— Ужо ня ведаю. За камэнтар у сацсетках даюць гады турмы. Людзі ўжо зрабілі выбар. Рэпрэсіі працягваюцца, ідзе вайна, людзі гінуць. Назад ужо дарогі няма. У цябе ўжо альбо чорнае, альбо белае. Або ты супраць гэтай вайны, і ты гэта кажаш і зьяжджаеш. Ці проста зьяжджаеш. Або ты маўчыш, трымаеш усё ў сабе і знаходзісься ў Беларусі.
— Што цяпер адбываецца зь беларускім жаночым баскетболам?
— Ня ведаю. Мне падаецца, пакуль вайна ня скончыцца, пакуль мы не адбудуем спартовую інфраструктуру ва Ўкраіне, санкцыі будуць працягваць дзейнічаць. Думаю, гэта будзе закансэрваванае разьвіцьцё, калі яны змогуць гуляць толькі паміж зборнымі Расеі і Беларусі...
Ты расьцеш як прафэсійны спартовец, можаш стаць лепшым, толькі калі спаборнічаеш з найлепшымі. Калі хочаш мець дасягненьні, мусіш гуляць супраць сусьветных зорак. А цяпер будзе такі ўзровень, груба кажучы, калі баскетбол мае выжыць. Так яны і будуць існаваць.
«Цяпер пратэст — гэта маё жыцьцё»
— Каця, гэта ўжо трэцяе інтэрвію з 2020 году. Кожны раз мы ў размове выкарыстоўвалі такую мэтафару для беларускай рэвалюцыі, як маратон. На якім этапе гэтага нялёгкага маратону цяпер беларусы?
— Мы недзе на дыстанцыі. Часам у мяне ёсьць заданьне ад трэнэраў прабегчы 10 кілямэтраў. Я пачынаю бегчы. У нейкі момант цяжка, у нейкі момант лёгка бяжыш, у нейкі момант пра нешта задумалася, а ногі працягваюць бегчы. Потым глядзіш на гадзіньнік, а 10 кілямэтраў ужо прабегла. Для мяне наш пратэст такі.
Працягваеш бегчы дыстанцыю, потым гэта становіцца нормай, на жаль. Цяпер пратэст — гэта маё жыцьцё. Маё баскетбольнае і пратэставае жыцьцё пераплеценыя. Я ўяўляю, што ў нейкі момант завярну за рог, а ўжо фініш, мы ўжо перамаглі. Ня ведаю, дзе мы на гэтай дыстанцыі, але самае галоўнае, што мы па ёй рушым да сваёй мэты.