Кіраўнік прарасейскай адміністрацыі Вялікага Бурлука ў Харкаўскай вобласьці Яўген Юнакоў загінуў у выніку падрыву машыны, паведамляе «Коммерсантъ» са спасылкай на вайскова-цывільную адміністрацыю вобласьці. Падрабязнасьці не прыводзяцца.
У Херсоне, як сьцьвярджае пастаўленая расейцамі адміністрацыя, прадухілілі замах на Ўладзіміра Сальду, які называе сябе яе кіраўніком. Паводле паведамленьня, «дзякуючы пільным жыхарам Херсона ўдалося своечасова выявіць і абясшкодзіць самаробнае выбуховае прыстасаваньне», нібыта закладзенае на шляху руху аўтамабіля Сальды. Ніхто не пацярпеў.
Раней паступіла паведамленьне пра спробу замаху на Андрэя Сігуту, кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Мелітопальскага раёну Запароскай вобласьці. Паводле расейскіх СМІ, быў забіты адзін чалавек: як сьцьвярджаецца, ён спрабаваў учыніць замах і быў забіты агнём у адказ. Незалежных пацьверджаньняў гэтаму няма.
Украінскія вайскоўцы і чыноўнікі пакуль не камэнтавалі інфармацыю. Раней яны паведамлялі, што на тэрыторыях, занятых расейскімі вайскоўцамі, дзейнічаюць украінскія партызаны, але наўпрост не казалі пра іх адказнасьць за замахі на мясцовых дзеячоў, якія супрацоўнічаюць з Расеяй. У выніку замахаў у апошнія тыдні быў паранены кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Энэргадару і забіты чыноўнік адміністрацыі Херсона Зьміцер Саўлучэнка.
- Паведамленьні пра новыя меркаваныя замахі паступаюць на тле заклікаў украінскіх афіцыйных асоб да жыхароў паўднёвых рэгіёнаў Украіны — Херсонскай і Запароскай абласьцей — зьяжджаць з акупаваных тэрыторый. У панядзелак з такім жа заклікам зьвярнуўся дарадца мэра Марыюпалю. Як заяўляюць прадстаўнікі Ўкраіны, неўзабаве павінен пачацца ўкраінскі контранаступ на гэтыя тэрыторыі, і мірныя жыхары могуць аказацца ў асяродку баёў. Украінскія чыноўнікі і вайскоўцы рэгулярна гавораць аб падрыхтоўцы контранаступу, але не называюць яго дат, адзначаючы толькі, што тэрміны могуць залежаць, сярод іншага, ад паставак заходняй вайсковай тэхнікі.