Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны, такія рашэньні былі ўхвалены на падставе парушэньня правілаў знаходжаньня іншаземцаў.
У той жа час у міграцыйнай службе адзначылі, што пастанова ўраду, згодна зь якой беларусы могуць знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны без рэгістрацыі цягам 180 дзён у год, застаецца сапраўднай да 31 сьнежня 2022 году.
«На сёньня абмежаваньняў па наданьні тэрытарыяльнымі органамі і падразьдзяленьням Дзяржаўнай міграцыйнай службы адміністрацыйных паслуг грамадзянам Беларусі не існуе. Усе працэдуры (легалізацыі. — РС) застаюцца нязьменнымі», — падкрэсьлілі ў міграцыйнай службе.
У той жа час там паведамілі, што пакуль ня маюць інфармацыі пра тое, колькі грамадзян Беларусі з 24 лютага змаглі падоўжыць сваё легальнае знаходжаньне ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы цяпер валянтэраць цішком». Гутарка з Анісіяй Казьлюк, якой пагражае дэпартацыя з УкраіныШто папярэднічала
У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня стала вядома адразу пра некалькі выпадкаў, калі міграцыйная служба штрафавала грамадзян Беларусі за перавышэньне тэрміну знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны або знаходжаньне без рэгістрацыі і потым выносіла рашэньне аб прымусовым вяртаньні.
У публічнай прасторы абмяркоўвалася некалькі рэзанансных выпадкаў у дачыненьні да беларусаў, якія ўцяклі ва Ўкраіну ад палітычнага перасьледу ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Зь немагчымасьцю працягнуць від на жыхарства сутыкнулася Іна Зайцава, больш вядомая як «бчб-нявеста». Урэшце яна выехала з Украіны. Беларуская праваабаронца Анісія Казьлюк змагла падаць дакумэнты на легалізацыю пасьля некалькіх няўдалых спробаў і сплаты штрафу (рашэньня пакуль няма). Валянтэрка Карына Пацёмкіна атрымала прадпісаньне да 15 ліпеня выехаць з Украіны. Цяпер яна спрабуе дабіцца перагляду гэтага рашэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускую валянтэрку з Бучы Карыну Пацёмкіну выдвараюць з УкраіныБеларус Дзяніс Дашчынскі, якому таксама паставілі штамп у пашпарце, што ён мусіць пакінуць Украіну, выехаў — і на мяжы яму паведамілі, што такі штамп прыраўноўваецца да дэпартацыі і што вярнуцца назад ва Ўкраіну ён зможа не раней як праз 90 дзён.
Ва ўсіх гэтых выпадках рэгістрацыя ці від на часовае жыхарства скончыліся ў беларусаў у той час, калі Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны не працавала, бо пачалася вайна, і ўсе дзяржаўныя рэестры былі закрытыя.
Але цяпер, калі служба пачала працаваць, гэтую акалічнасьць ня ўлічваюць і складаюць акты аб парушэньні правілаў знаходжаньня іншаземцаў ва Ўкраіне.
Што кажуць у прадстаўніцтве Офісу Ціханоўскай у Кіеве
Прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Кіеве Валер Кавалеўскі кожны раз, як становіцца вядома пра новы выпадак высылкі грамадзян Беларусі, далучаецца да пошуку магчымасьцяў вырашыць праблему. Як ён кажа, на сустрэчах прадстаўнікі ўкраінскай улады пераконваюць, што з тых, хто дапамагае Ўкраіне ў барацьбе з Расеяй, нікога высылаць ня будуць.
«Афіцыйна сапраўды зьмен (працэдуры. — РС) не адбылося. Але практыка іншая. Чаму адбываюцца такія сытуацыі? Найчасьцей — пратэрміноўка віду на жыхарства ці адсутнасьць грамадзян па месцы рэгістрацыі, бо могуць прыехаць і праверыць, ці сапраўды яны там жывуць, і калі іх там няма, то ім могуць выпісаць штраф і выслаць з краіны», — сказаў Свабодзе Валер Кавалеўскі.
Раней, кажа ён, за такія парушэньні спаганяўся невялікі штраф, але ва ўмовах вайны ва Ўкраіне пачалі вельмі жорстка ставіцца да выкананьня міграцыйнага заканадаўства, асабліва ў дачыненьні да беларусаў. Усё ж, на думку Валера Кавалеўскага, пакуль нельга сьцьвярджаць, што гэта «афіцыйная палітыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ды з тваёй краіны на нас ракеты ляцяць!» Як беларусаў выціскаюць з УкраіныПразь немагчымасьць легалізавацца цярпяць ня толькі беларусы
На пачатку ліпеня ўкраінскія СМІ паведамілі аб праблемах зь легалізацыяй ня толькі беларускіх актывістаў, але і тых іншаземцаў, якія прыехалі ваяваць на баку Ўкраіны.
Паводле афіцыйных заяў Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, усе яны аформленыя як украінскія вайскоўцы. Аднак, паводле інфармацыі выданьня bykvu.com, гэтая інфармацыя не зусім адпавядае рэчаіснасьці.
Выданьне расказала пра двух добраахвотнікаў — грамадзяніна Малдовы і грамадзяніна Грузіі, якія з пачатку вайны змагаюцца ў палку «Азоў Кіеў», але так і не змаглі легалізавацца ва Ўкраіне.
Яшчэ адным рэзанансным выпадкам стала сытуацыя, калі этнічнага ўкраінца, грамадзяніна Вялікай Брытаніі, які выяжджаў з Украіны лячыцца пасьля раненьня, пратрымалі на мяжы 5 гадзін і выпісалі яму штраф за парушэньне тэрміну знаходжаньня ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З дому лішні раз стараюся не выходзіць». Як жывуць беларусы, якія вырашылі застацца ва Ўкраіне