«Найстрашней было, калі арыштоўвалі Латыпава». Жыхар «плошчы Перамен» выдае фатакнігу пра падзеі 2020 году

Яўген Атцэцкі

Фатограф Яўген Атцэцкі сьцьвярджае, што сфатаграфаваў амаль усе самыя важныя падзеі, якія адбываліся на «плошчы Перамен» у 2020 годзе.

6 ліпеня на краўдфандынгавай плятформе kickstarter пачаўся збор грошай на выданьне фатакнігі пра дваровую супольнасьць «плошчы Перамен». Аўтар ідэі праекту — фотажурналіст і жыхар знакамітага менскага двара Яўген Атцэцкі. За першыя чатыры дні ўдалося сабраць звыш 7 тысяч даляраў зь неабходных 10 тысяч. Першыя 500 асобнікаў фатакнігі зьбіраюцца друкаваць у Рызе, макет ужо накіраваны ў друк. Пра сам праект Яўген расказаў Свабодзе.

«Я фатограф. Я здымаў там усё, што адбывалася, ад самага пачатку, — расказвае Яўген. — А пасьля, дзякуючы адной ініцыятыве, у мяне зьявілася магчымасьць папрацаваць зь вельмі добрым дызайнэрам са Швайцарыі Мэлінай Уілсан. Такім чынам усё сышлося. Гэта была выдатная форма для рэалізацыі майго праекту. Я хацеў бы, каб падзеі на „плошчы Перамен“ былі сувымерна праілюстраваныя ў кнізе. Каб яе можна было ў будучыні паставіць на паліцу. Каб яна магла некалі зьявіцца ў бібліятэках».

Жыхары Плошчы перамен падчас акцыі «сэрца новай Беларусі»

Разам з фатаздымкамі ў кнігу пра «плошчу Перамен» увайшлі 13 інтэрвію яе жыхароў, якія ўлетку і ўвосень 2020 году бралі актыўны ўдзел у падзеях. Паводле задумкі аўтара, жыхары Плошчы змогуць расказаць пра гісторыю яе зьяўленьня і асноўныя падзеі лепш, чым хто-небудзь іншы. А іхныя словы стануць выдатным дадаткам да фатаздымкаў і ілюстрацый.

Усе тэксты ў выданьні прадстаўленыя па-беларуску і па-ангельску. Атцэцкі кажа, што беларускамоўнасьць кнігі для яго была прынцыповым палітычным момантам. Для замежных чытачоў зьмешчаныя тлумачэньні для лепшага разуменьня кантэксту.

«Першы раз я там здымаў, калі яшчэ не існавала „плошчы Перамен“, — расказвае Яўген. — Гэта было 10 жніўня, калі я ўбачыў, што пад маім вакном выкрадаюць чалавека. Я гэта зьняў на відэа. На наступны дзень там былі людзі ў вокнах, якія сьвяцілі ліхтарыкамі. Я таксама гэта здымаў. Тады ўсё яшчэ было спантанна, незразумела было, у што гэта выльецца пасьля. А ўжо ў сярэдзіне жніўня мы самі з жонкай туды пайшлі першы раз».

3D візуалізацыя кнігі

У кнігу ўвайшло каля 70 фатаздымкаў, на якіх, па словах аўтара, адлюстравана амаль усё, што адбывалася на «плошчы Перамен».

«Асноўная візуальная лінія — гэта храналёгія падзей, якія адбываліся зь сярэдзіны жніўня 2020 году па сярэдзіну лістапада, — расказвае аўтар. — Там ёсьць пазытыўныя моманты — сьвяты, пэрформансы, канцэрты, сумеснае чаяваньне. Тое, што самі жыхары двара рабілі. Ёсьць супрацьстаяньне — калі замалёўваюць мурал, калі міліцыя некага хапае, калі прыяжджае АМАП. Амаль увесь час фігуруе сам мурал. З дапамогай сваіх фота і сьведчаньняў людзей, якія там жывуць, я правёў невялікае расьсьледаваньне. Аказалася, што існавала больш за 20 розных выяваў гэтага муралу. Яны амаль усе ў мяне ёсьць у тым альбо іншым выглядзе».

Па словах Яўгена, была ідэя зьмясьціць у кнігу думкі экспэртаў аб тым, што адбываліся на «плошчы Перамен» мінулай восеньню. Аднак ад яе адмовіліся на карысьць аповедаў удзельнікаў падзей.

Акцыя з надпісамі «Я жыву на Плошчы перамен» і «Я хачу жыць на Плошчы перамен»

«Хацелася цалкам адпавядаць ідэі вось гэтай спантанна народжанай зьявы, — тлумачыць аўтар. — Гісторыю нейкага аднаго здымка з кнігі мне вылучыць складана. Хіба што магу расказаць гісторыю той фатаграфіі, якую я там ня змог зьняць. Гэта было 15 лістапада, у дзень акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Мяне тады затрымалі яшчэ да яе пачатку, таму маіх фота разгону мітынгу на „плошчы Перамен“ няма. Гэтыя падзеі давялося аднаўляць здымкамі іншых. Усё, што адбывалася тады на „плошчы Перамен“, я чуў, седзячы ў Цэнтральным РУУСе. У нас былі адчыненыя вокны там, і мы маглі чуць гукі выбухаў і ўсё іншае».

Зь іншых падзей Яўген успамінае дзень 9 верасьня, калі ранкам «праваахоўнікі» замалявалі мурал. Пасьля на плошчы адбыўся футбольны фрыстайл, аднаўленьне муралу, канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, прыехаў АМАП з аўтазакамі, выяву «дыджэяў перамен» зьнішчылі яшчэ раз. Усё гэта Атцэцкі змог зьняць сам.

«Эмацыйна найбольш страшна было, калі арыштоўвалі Сьцяпана Латыпава, — успамінае фатограф. — На маіх вачах фактычна выкрадалі чалавека. Так званыя міліцыянэры ўсе былі без апазнавальных знакаў. Мы ўсё адно ідэнтыфікавалі іх, гэта былі супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Але сама гэтая стадыя ўзаемаадносінаў, калі міліцыянт хавае пагоны, сьведчыць пра тое, што могуць адбывацца абсалютна незаконныя рэчы. Яны могуць прымяніць гвалт, усё што заўгодна. Гэта палохала».

Жыхары Плошчы перамен на акцыі падтрымкі Сьцяпана Латыпава празь месяц пасьля яго затрыманьня

Яўген расказвае, што супрацоўнікі міліцыі і спэцслужбаў рэагавалі на ягоную камэру па-рознаму. Некаторыя прывыклі за доўгі час, успрымалі фатографа як аднаго зь мясцовых жыхароў, а не як журналіста. Ад іншых даводзілася хавацца. Як жыхар «плошчы Перамен» Атцэцкі дазваляў сабе ўступаць у размовы і спрэчкі з «праваахоўнікамі».

«Інтэрвію з трынаццацьцю жыхарамі — гэта размовы зь людзьмі, якія праяўлялі актыўнасьць у двары, — расказвае Яўген пра тэкставую частку кнігі. — Я там шмат каго ведаю. Мы з адной суполкі, добра падтрымліваем кантакты. Таму я зьвярнуўся да тых, каму ёсьць што расказаць. Там ёсьць аповед сьведкі, якая бачыла выкраданьне Рамана Бандарэнкі. Ёсьць чалавек, які арганізоўваў канцэрты. Іх усіх можна назваць актывістамі „плошчы Перамен“. Яны шмат зрабілі, каб яна існавала. І пры тым гэта людзі, якія да лета 2020 году ніякім чынам не былі ангажаваныя ў палітычныя падзеі ў краіне».

Жанчына стаіць ноччу каля мэмарыялу Раману Бандарэнку ў двары Плошчы перамен

Па словах аўтара кнігі, кожная гісторыя зь яе — важны пункт для комплекснай ацэнкі падзей восені 2020 году ня толькі на «плошчы Перамен», але і ва ўсёй Беларусі. Частка апавядальнікаў жыве ў Менску, таму ў мэтах бясьпекі аўтары выданьня фатаграфавалі іх у масках і не называюць сапраўдных імёнаў. Сама меней палова з герояў зазналі адміністрацыйны альбо крымінальны перасьлед.

«Я як мінімум стараюся ня марыць, — адказвае Яўген на пытаньне пра тое, калі ягоную кнігу можна будзе прэзэнтаваць на самой „плошчы Перамен“. — Для псыхікі зараз больш здаровы занятак — проста рабіць сваю справу. А калі такі момант прыйдзе, то мы абавязкова ўсё зробім. Зараз у кожнага з нас свая невялікая задача, і мы яе выконваем. Асабіста мне гэта дапамагае ня ўпасьці ў дэпрэсію».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каця трымаецца добра, упэўнена». Пачаўся закрыты суд над журналісткай Кацярынай Андрэевай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Латыпава на 5 месяцаў зьмясьцілі ў ПКТ, Аліневіча адправілі ў штрафны ізалятар