Расея абстрэльвае поўдзень і ўсход Украіны. У горадзе Часаў Яр на Данеччыне пад заваламі знайшлі 24 забітых. ФОТА

Ратавальныя працы ў горадзе Часаў Яр на Данеччыне, дзе ад расейскіх ракет загінулі 18 чалавек, 10 ліпеня 2022 г.

У той час, калі ўкраінскае войска рыхтуецца да контранаступу на поўдні краіны, расейцы працягваюць абстрэлы жылых дамоў на Данеччыне, у Харкаве, Мікалаеве і іншых гарадах.

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны расцэньвае апошнія дзеяньні расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны як сьведчаньне намераў Расеі захапіць і Харкаўскую вобласьць, разам з Данецкай і Луганскай абласьцямі, цалкам.

Як раней заяўлялі вайсковыя экспэрты, перад новым наступам Расея павялічвае артылерыйскія абстрэлы, цалкам зьнішчаючы сацыяльную і жыльлёвую інфраструктуру населеных пунктаў Украіны, і такім чынам рыхтуе глебу для далейшага наземнага прасоўваньня.

Мінулай ноччу на большай частцы тэрыторыі Ўкраіны гучала паветраная трывога. У сямі абласьцях працягваюцца абстрэлы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна рыхтуецца да контрнаступленьня ў Херсонскай вобласьці

Мікалаеўская вобласьць ахоплена пажарамі

Раніцай 11 ліпеня на Мікалаеў расейцы скінулі шэсьць ракет. Улады паведамілі пра аднаго параненага, але інфармацыю ўдакладняюць. Напярэдадні ў Мікалаеўскай вобласьці расейцы абстралялі чатыры раёны — Мікалаеўскі, Баштанскі, Вазьнясенскі і Першамайскі.

Абласныя ўлады сьцьвярджаюць, што ўдары нанесьлі па адміністрацыйных, адукацыйных і жылых будынках. Паблізу вёскі Новамікалаеўка ад абстрэлу загарэліся лясы і поле са збожжам.

Вынікі расейскага абстрэлу ў горадзе Часаў Яр, 10 ліпеня

У Херсонскай вобласьці чакаюць контранаступу ўкраінскага войска

Ахутаны дымам і Херсон — у выходныя гарэлі палі ў Таўрыйскім мікрараёне. Мясцовыя сьцьвярджаюць, што расейцы не дазвалялі іх тушыць.

Украінскае войска цяжкай артылерыяй прыцэльна зьнішчыла склады з расейскімі боепрыпасамі. Адначасова ўкраінскія ўлады паведамілі, што вызвалілі яшчэ адну вёску ў Херсонскай вобласьці. Жыхароў акупаваных населеных пунктаў заклікалі выехаць, а пры немагчымасьці эвакуацыі — шукаць надзейныя сховішчы і ствараць запасы харчоў, бо неўзабаве баявыя дзеяньні могуць актывізавацца.

«Трэба рыхтавацца, што спатрэбіцца зноў сховішча, зноў неабходна падрыхтаваць запас вады, пэўны запас ежы, каб перажыць наступ нашых войскаў. Мы разумеем, што нашы хлопцы будуць працаваць максымальна акуратна, хірургічна, каб зьберагчы кожнае жыцьцё, але вайна ёсьць вайна», — заявіў першы намесьнік кіраўніка Херсонскай абласной рады Юры Сабалеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы заяўляюць, што на поўдні Ўкраіны расейцы выкралі і катуюць да 600 украінскіх актывістаў

Днепрапятроўскую вобласьць абстрэльваюць касэтнымі бомбамі

Ужо тыдзень пад інтэнсіўнымі абстрэламі расейцаў Крывароскі раён Днепрапятроўскай вобласьці. У ноч на 11 ліпеня абстралялі тры вёскі — Новасямёнаўку, Першае Траўня і Мар’янскае. Папярэдне без ахвяраў.

10 ліпеня расейцы абстралялі адзін з жылых масіваў Крывога Рога — загінулі сама меней дзьве жанчыны. У іншых раёнах гораду расейскія ракеты зьнішчылі адно прамысловае прадпрыемства.

Абстрэлы і пажары ў Харкаўскай вобласьці

У ноч на 11 ліпеня тройчы абстралялі Харкаў — адна ракета пацэліла ў шасьціпавярховы жылы дом. Цалкам зруйнаваны адзін пад’езд, зь першага да шостага паверху. З-пад завалаў удалося выратаваць 86-гадовую жанчыну. У іншых раёнах гораду пашкоджаныя школа і склад.

Наступствы расейскага абстрэлу Харкава, 11 ліпеня 2022

За апошнія 24 гадзіны ў Харкаўскай вобласьці ратавальнікі выяжджалі тушыць 11 пажараў, якія пачаліся ў выніку абстрэлаў. Згарэлі жылы дом, гаспадарчыя пабудовы, аўтамабіль, звалка і трава на адкрытай тэрыторыі.

Мясцовыя жыхары паведамілі, што станам на 10:15 расейцы зноў пачалі абстрэл, у некаторых раёнах зьнікла электрычнасьць. Пазьней улады ўдакладнілі, што папярэдне 28 грамадзян атрымалі раненьні і трое загінулі.

Вынікі расейскага абстрэлу Харкава, 11 ліпеня

Па Сумскай вобласьці страляюць з Расеі

Сумская вобласьць сыстэматычна абстрэльваецца з расейскай тэрыторыі. Выходныя прайшлі спакойна, а ў панядзелак расейцы зноў пачалі абстрэльваць рэактыўнай артылерыяй Шосткінскі раён — выпусьцілі 20 ракет. Маштабы разбурэньняў і колькасьць ахвяр удакладняюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ўкраіны Рэзьнікаў паведаміў пра загад Зяленскага вызваліць поўдзень Украіны

У горадзе Часаў Яр на Данеччыне павялічылася колькасьць загінулых

Як паведаміла Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях, у выніку ракетнага ўдару па пяціпавярховым жылым доме ў горадзе Часаў Яр Данецкай вобласьці загінулі 24 грамадзян і 9 удалося выратаваць з-пад завалаў.

Абстрэлы Данецкай і часткі Луганскай вобласьці не спыняюцца. Расейцы выкарыстоўваюць ствольную і рэактыўную артылерыю, а таксама авіяцыю. Яны спрабуюць прарвацца з захопленага Лісічанску ў кірунку Славянску Данецкай вобласьці.

Украінскае войска намагаецца сканцэнтраваць свае ўдары на месцах, у якіх расейцы разьмяшчаюць свае боепрыпасы і паліва.

Разбор завалаў ад расейскага ракетнага нападу на горад Часаў Яр, 10 ліпеня

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.