Расея спыніла працу газаправоду «Паўночны паток», у Нямеччыне ўвялі ў надзвычайныя захады эканоміі энэргіі

Сымболіка газаправоду «Паўночны паток»

Пакуль што транспартаваньне газу спыніцца на 10 дзён, аднак у Эўразьвязе, у прыватнасьці ў Нямеччыне, падазраюць, што на большы тэрмін.

Афіцыйная прычына спыненьня газаправоду — плянавае абслугоўваньне, піша ТАСС.

Маршрутамі паставак расейскага газу ў эўрапейскія краіны цяпер застаюцца газатранспартныя сыстэма Беларусі і Ўкраіны, дзе зьніжаныя аб’ёмы транспартаваньня.

9 ліпеня Канада заявіла, што зробіць выключэньне з уведзеных супраць Расеі санкцый і верне Нямеччыне турбіны, неабходныя для абслугоўваньня газаправода «Паўночны паток».

Экспартны газаправод з Расеі ў Эўропу «Паўночны паток» сукупнай магутнасьцю 55 млрд куб. м газу праходзіць па дне Балтыйскага мора з Выбаргу ў Расеі да Грайфсвальду ў Нямеччыне. Апэратарам выступае кампанія Nord Stream AG, у якой 51% належыць даччынаму прадпрыемству «Газпрома», па 15,5% — нямецкім Wintershall Dea і E.ON, яшчэ па 9% — нідэрляндзкай N. V. Nederlandse Gasunie і францускай Engie.

У траўні Польшча забараніла «Газпрому» пастаўкі газу па польскім участку трубы Ямал — Эўропа. Краіна скасавала пагадненьне аб пастаўках газу з Расеяй, заключанае ў 1993 годзе.

Трубаправод Ямал — Эўропа, які праходзіць празь Беларусь, быў адным з трох асноўных маршрутаў транспартаваньня расейскага газу ў Эўропу. Расея наклала санкцыі на кампанію EuRoPol GAZ S.A. — уладальніка польскага ўчастку газаправоду Ямал — Эўропа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада верне турбіну для «Паўночнага патоку» ў Нямеччыну і пашырыць санкцыі супраць Расеі

Як піша Deutsche Welle, у палітычным кіраўніцтве Нямеччыны лічаць цалкам верагодным сцэнар поўнага спыненьня паставак расейскага газу па «Паўночным патоку» пасьля 21 ліпеня. Шэраг камэнтатараў і палітыкаў лічыць, што дзеля дасягненьня сваіх ваенных мэтаў ва Ўкраіне Ўладзімір Пуцін гатовы пайсьці на такі радыкальны крок у надзеі ўвесьці Нямеччыну ў цяжкі эканамічны, а затым і палітычны крызіс.

У выпадку поўнага спыненьня падачы расейскага газу дэфіцыт паліва ў Нямеччыне і большасьці краін Эўразьвязу непазьбежны і ўлады вымушаныя будуць нармаваць падачу газу. У Нямеччыне ўжо ўвялі ў дзеяньне надзвычайныя захады эканоміі энэргіі; пакет мер абмяркоўваецца і на ўзроўні ўсяго ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўпершыню абагналі Расею ў пастаўках газу ў Эўропу