Улады зьбіраюцца зрабіць больш строгімі ўмовы выезду зь Беларусі. Каго гэта можа зачапіць?

Слуп на беларускім памежжы

У Беларусі плянуюць зьмяніць закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». Законапраект унесьлі ў Нацыянальны сход 23 чэрвеня.

У сьпісе дакумэнтаў, на падставе якіх дазволены выезд ці ўезд у Беларусь, афіцыйна ўнясуць біямэтрычны пашпарт. Але гэта не галоўныя зьмены праекту закону, піша Zerkalo.io.

Забарона для «палітычных» і з дазволу КДБ

КДБ зможа абмежаваць выезд ня толькі для тых, хто стаіць на прафіляктычным уліку ў органах дзяржаўнай бясьпекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Ён можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю — не паведамляецца.

Выезд таксама забароняць тым асобам, «у дачыненьні якіх вядзецца адміністрацыйны працэс за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў супраць парадку кіраваньня, — у мэтах забесьпячэньня выкананьня пастановы судзьдзі аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе штрафу».

Раней даўжнікоў зь Беларусі таксама не выпускалі, але гэта тычылася тых, хто ўжо атрымаў штраф і не аплаціў яго. Цяпер жа выезд забаронены і тым, у дачыненьні якіх толькі вядзецца адміністрацыйны працэс, а рашэньне суд яшчэ не прыняў.

У «правапарушэньні супраць парадку кіраваньня» ўваходзяць «палітычныя» артыкулы КаАП: «непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў», «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і гэтак далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцячы і не вярнуцца. Чаму Лукашэнку не дае спакою тэма «беглых»

Выезд сілавікоў — толькі з дазволу кіраўніцтва і са здачай біямэтрычных пашпартоў

Супрацоўнікам сілавых органаў можна будзе выехаць за межы Беларусі толькі па ўзгадненьні з кіраўніцтвам. Гэтае негалоснае правіла некалькі гадоў дзейнічала і раней: вайскоўцам, супрацоўнікам міліцыі ці Сьледчага камітэту настойліва рэкамэндавалі выбіраць для адпачынку толькі «дружалюбныя» краіны, напрыклад Турэччыну, Эгіпет, Расею.

Норма будзе распаўсюджвацца на вайскоўцаў, супрацоўнікаў, работнікаў і асоб цывільнага пэрсаналу вайсковых фармаваньняў і ваенізаваных арганізацый Беларусі, а менавіта:

Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь;

  • органаў памежнай службы;
  • унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў;
  • органаў дзяржаўнай бясьпекі;
  • транспартных войскаў;
  • Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
  • Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь;
  • Сьледчага камітэту;
  • Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз;
  • органаў унутраных спраў;
  • органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю;
  • органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях.

Кіраўніцтва мае права адмовіць ім у выезьдзе з краіны «ў мэтах забесьпячэньня інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі да спыненьня абставін, якія перашкаджаюць іх выезду». У выпадку наяўнасьці ў гэтай катэгорыі асоб біямэтрычнага пашпарта, на час службы яны абавязаны перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.

Парадак выезду зь Беларусі дзяржаўных службоўцаў будзе вызначаць урад.

Законапраект будуць разглядаць у верасьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы зь Літвой затрымалі 4 чалавек. Памежнікі стралялі па машыне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы від на жыхарства атрымалі больш за 50 тысяч грамадзян Беларусі