Свабодны прафсаюз Беларускі прынялі ў сябры Эўрапейскай фэдэрацыі прафсаюзаў грамадзкага абслугоўваньня (The European Federation of Public Service Unions, EPSU) 5 траўня і Глябальнай фэдэрацыі грамадзкіх паслуг (Public Services International, PSI) 5 ліпеня рашэньнямі кіроўных структур гэтых арганізацый.
«Гэтай падзеі мы чакалі некалькі месяцаў. Для нас гэта новы этап у дзейнасьці прафсаюзу. Асабліва гэта важна для нашых галіновых структур у сфэры мэдыцыны і адукацыі. Рашэньне набывае моц з 1 жніўня 2022 году. Гэта азначае атрыманьне магчымасьці ўдзелу ў міжнародных праграмах супрацоўніцтва, дадатковай абароны правоў работнікаў – сябраў прафсаюзу, удзелу ў сэмінарах і трэнінгах у высокакваліфікаваных спэцыялістаў. А таксама дадатковая абарона для прафсаюзу, які апошнім часам зазнае асабліва жорсткія рэпрэсіі», — адзначылі ў СПБ.
PSI і EPSU ужо заявілі аб салідарнасьці з усімі беларускімі дэмакратычнымі прафсаюзамі і гатоўнасьці далей усяляк падтрымліваць арганізацыю. Да гэтага СПБ не ўваходзіў у міжнародныя структуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прэтэнзіі да незалежных прафсаюзаў Беларусі, за якія іх хочуць закрыцьPublic Services International аб’ядноўвае 700 прафсаюзаў, якія прадстаўляюць 30 мільёнаў працоўных са 154 краін па ўсім сьвеце. З моманту заснаваньня ў 1907 годзе PSI ператварылася ў глябальную арганізацыю з рэгіянальнымі офісамі на ўсіх кантынэнтах. Члены прафсаюзных структур PSI працуюць на дзяржаўных і муніцыпальных прадпрыемствах і ва ўстановах такіх сфэраў, як камунальныя паслугі, водазабесьпячэньне і каналізацыя, электрычнасьць і цьвёрдыя адходы. Яны кіруюць грамадзкім транспартам і абслугоўваюць грамадзкія месцы; працуюць у сацыяльных, культурных і адукацыйных установах, такіх як бібліятэкі, музэі, дзіцячыя садкі, школы і ўнівэрсытэты. Гэта работнікі аховы здароўя і сацыяльных службаў. Пажарныя, экстраныя службы, службы экстранага мэдыцынскага рэагаваньня і муніцыпальная паліцыя таксама ўваходзяць у лік мясцовых/муніцыпальных работнікаў.
Public Services International зьяўляецца міжнародным голасам прафсаюзаў дзяржаўнага сэктару, даносячы свой пункт гледжаньня да ААН (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый), САЗ (Сусьветная арганізацыя здароўя) і МАГ (Міжнародная арганізацыя гандлю). Мэта барацьбы PSI: роўны доступ да якасных дзяржаўных паслуг і змаганьне за працоўныя правы людзей, якія іх прадастаўляюць.
EPSU — эўрапейская структура PSI, аб’ядноўвае прафсаюзы з усёй Эўропы. EPSU ўплывае на палітыку і рашэньні працадаўцаў, урадаў і эўрапейскіх арганізацый, якія датычацца дзяржаўных службоўцаў, іх сем’яў і супольнасьцяў. EPSU прадстаўляе 8 мільёнаў працаўнікоў дзяржаўных службаў па ўсёй Эўропе, зьяўляецца моцным прафсаюзным голасам, у якім маюць патрэбу працоўныя, праводзіць перамовы з працадаўцамі, Эўрапейскім парлямэнтам, Камісіяй і нацыянальнымі ўрадамі. EPSU зьяўляецца таксама сябрам Эўрапейскай канфэдэрацыі прафсаюзаў (ETUC).
EPSU дасьць членам Свабоднага прафсаюзу Беларускага плятформу для рэгулярнага абмену перадавым досьведам арганізацыі, найму і правядзеньня кампаній. Падзеліцца інфармацыяй, дасьледаваньнямі і досьведам, каб палепшыць якасьць працоўных месцаў і паслуг, а таксама ўмацаваць салідарнасьць у сям’і прафсаюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор Швед накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб закрыцьці усіх незалежных прафсаюзаў, іх лідэры застаюцца ў турмеМіжнародная працоўная салідарнасьць
Перасьлед незалежных прафсаюзаў, іх кіраўнікоў і шараговых сяброў выклікае нэгатыўную рэакцыю міжнародных арганізацый. Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў інфармуе, што Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (МКП) запатрабавала тэрміновых дзеяньняў, каб спыніць чарговы этап сыстэматычнага перасьледу незалежных прафсаюзаў у Беларусі.
Генэральны сакратар МКП Шэран Бэраў сказала:
«Гэтыя фіктыўныя судовыя працэсы выклікаюць асаблівы непакой. Улады Беларусі і судовыя органы прадэманстравалі поўнае ігнараваньне належнай прававой працэдуры і асноўных правоў працоўных, імкнучыся выкараніць незалежны прафсаюзны рух».
Прадстаўнікі МКП правялі пікеты з патрабаваньнямі вызваліць з турмаў беларускіх дзеячоў незалежнага прафсаюзнага руху.
29 чэрвеня ў Вярхоўным судзе адбылася папярэдняя гутарка з прадстаўнікамі прафсаюзу наконт пазову ад Генпракуратуры з просьбай спыніць дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.
10 чэрвеня стала вядома, што генэральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці ўсіх незалежных прафсаюзных арганізацый: асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў», а таксама яе сяброўскіх арганізацый — Свабоднага прафсаюза Беларускага, Свабоднага прафсаюза мэталістаў, Беларускага незалежнага прафсаюза. прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежны прафсаюз «Гродна Азот» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяйРэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.
Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Дакладна пра сутнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў амаль нічога невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узначальвалі рабочы рух яшчэ ў 90-х. Каго затрымалі ў справе незалежных прафсаюзаў