Уначы 6 ліпеня на мяжы зь Літвой полацкія памежнікі абстралялі аўтамабіль з чатырма чалавекамі, якія нібыта спрабавалі схавацца ў лесе на аўтамабілі і «не рэагавалі на патрабаваньні спыніцца», паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.
У паведамленьні гаворыцца, што быў адзін папераджальны стрэл у паветра і сем стрэлаў па колах, пасьля чаго ўсе чацьвёра былі затрыманыя — гэта ўраджэнцы Пастаўскага раёну ад 23 да 42 гадоў.
Паводле Памежнага камітэту, на месцы здарэньня і па месцы жыхарства затрыманых знайшлі цеплавізар, прыбор начнога бачаньня, шэсьць радыёстанцый і навігатар.
«У дачыненьні да ўсіх правапарушальнікаў пачаты адміністрацыйны працэс за замах на незаконнае перасячэньне мяжы, парушэньне памежнага рэжыму і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў органаў памежнай службы», — гаворыцца ў паведамленьні ДПК.
Навошта затрыманыя хацелі нелегальна перабрацца празь мяжу, пакуль не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Фінляндыі прыняў закон, які дазваляе паставіць агароджу на мяжы з Расеяй