Парлямэнт Фінляндыі прыняў закон, які дазваляе паставіць агароджу на мяжы з Расеяй і закрыць для просьбітаў прытулку мяжу працягласьцю 1300 км у выпадку «выключных абставін». Пра гэта паведамляе Reuters.
Ініцыятыву ўхваліла кваліфікаваная большасьць фінскага парлямэнту. Гэта азначае, што закон быў прыняты паводле паскоранай працэдуры. Улады Фінляндыі тлумачаць неабходнасьць агароджы праблемай з уцекачамі і жаданьнем рэгуляваць паток просьбітаў прытулку.
На ўзьвядзеньне агароджы памежная служба атрымае дадатковае фінансаваньне.
29 чэрвеня краіны NATO вырашылі афіцыйна запрасіць стаць сябрамі Альянсу Фінляндыю і Швэцыю. Раней гэтыя дзьве краіны адмовіліся ад нэўтралітэту і вырашылі ўступіць у NATO зь меркаваньняў бясьпекі пасьля нападу Расеі на Ўкраіну.
5 ліпеня міністры замежных спраў Фінляндыі і Швэцыі ў штаб-кватэры NATO падпісалі пратаколы аб уступленьні ў Альянс.
NATO ў сваёй новай стратэгічнай канцэпцыі называе Расею «істотнай і прамой пагрозай бясьпецы». «Яна [Расея] імкнецца да стварэньня сфэраў уплыву і прамога кантролю шляхам прымусу, падрыўной дзейнасьці, агрэсіі і анэксіі, — гаворыцца ў дакумэнце. — Яе прымусовая ваенная пазыцыя, рыторыка і даказаная гатоўнасьць прымяніць сілу для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў падрываюць міжнародны парадак, заснаваны на правілах».