Пра гэта і ня толькі Свабода пагутарыла з прафэсарам унівэрсытэту імя Марыі Складоўскай-Кюры, літаратуразнаўцам і драматургам Сяргеем Кавалёвым.
— Нагодай для нашай гутаркі стаў першы беларускі тэатральны фэстываль, які на свае імпрэзы зьбіраў люблінскую публіку цягам апошняга чэрвеньскага тыдня. Ці ўсё паказанае акторамі з тэатру імя Янкі Купалы, якія адтуль сышлі і цяпер называюць сваю трупу «Купалаўцы!», у вашым горадзе вам удалося пабачыць? Раскажыце коратка, калі ласка, пра тое, што з пабачанага вас як моцна ангажаванага ў беларускі тэатральны працэс чалавека ўразіла найбольш?
— У фэстывалі ўдзельнічалі ня толькі купалаўцы, у праграме былі і іншыя незалежныя тэатральныя праекты (беларускія, украінскія, літоўскія, польскія), а таксама лекцыі пра беларускі тэатар, чытаньне п’есаў, сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі Альгердам Бахарэвічам, Юліяй Цімафеевай, Андрэем Хадановічам, Марыяй Мартысевіч. Я зь вялікай цікавасьцю паглядзеў спэктакль Аляксандра Гарцуева «Людзі-гусі-лебедзі» па матывах аднайменнага разьдзелу раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», монаспэктакль Аляксандраса Рубінаваса «Мой бацька», спэктакль Юрыя Дзівакова «Песьня песьняў», спэктакль Паўла Пасіні «Найпрыгажэйшы ўсход. Фатаграфічная памяць», відэапраекцыі спэктакляў Паўла Пасіні «Дзяды» (паводле Адама Міцкевіча) і Аляксандра Марчанкі «Опіюм» (паводле п’есы Віталія Каралёва).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быць беларусам — гэта ня мець свайго месца ў сьвеце»? «Купалаўцы» паказалі прэм’еру паводле «Сабак Эўропы» Бахарэвіча— А як успрымала публіка спэктаклі купалаўцаў?
— Спэктакль купалаўцаў «Людзі-гусі-лебедзі» на сцэне Тэатру імя Юліюша Астэрвы публіка ўспрымала вельмі добра, у вялікай залі быў аншляг (спэктакль паказваўся падчас фэстывалю тройчы), пасьля фінальнай сцэны доўга гучалі аплядысмэнты. Іншыя спэктаклі паказваліся ў меншых залях, часам камэрных (напрыклад, праніклівы монаспэктакль літоўскага актора Аляксандраса Рубінаваса «Мой бацька» на падставе ўспамінаў ягонага бацькі Станіславаса Рубінаваса пра трагічныя старонкі Другой сусьветнай вайны паглядзелі 15–20 чалавек). На праглядзе дакумэнтальнага спэктаклю «Паўгода» ў гэтай жа залі публіка зь цяжкасьцю зьмясьцілася.
— Па вашых назіраньнях, хто былі пераважна гледачы ў зале? Адмыслоўцы, якіх цікавіла творчасьць беларусаў? Шараговыя мясцовыя аматары новых тэатральных відовішчаў? Ці беларусы, для якіх сустрэча з мастацтвам купалаўцаў была як сустрэча з радзімай, якую яны вымушаныя былі пакінуць празь перасьлед пасьля выбарчай кампаніі 2020-га?
— На спэктаклях была розная публіка: як польская, так і беларуская. Выкладчыкі і студэнты, журналісты, тэатральныя крытыкі, прадстаўнікі самых розных прафэсій (напрыклад, лекары). Для польскіх гледачоў былі спэцыяльна зроблены субтытры на польскай мове. Многія спэктаклі («Людзі-гусі-лебедзі», «Сарматыя», «Эмігранты», «Найпрыгажэйшы ўсход», «Паўгода») расказвалі палякам пра сёньняшнюю Беларусь, а на беларускіх гледачоў аказвалі тэрапэўтычнае ўзьдзеяньне. Сапраўды, на паказах спэктакляў было шмат беларусаў (ня толькі зь Любліна, але і зь іншых гарадоў), для якіх сустрэча зь беларускім тэатрам была як настальгічная сустрэча з радзімай, якую яны вымушаны былі пакінуць пасьля 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Кавалёў пра Ўладзімера Жылку, люблінскую беларусістыку і старабеларускую мову— Вы даўно жывяце ў Любліне і працуеце ва ўнівэрсытэце імя Марыі Кюры-Складоўскай. Як, па вашых назіраньнях, за апошнія гады зьмянялася сярод вашых студэнтаў колькасьць беларусаў?
— Я жыву і працую ў Любліне з 1993 году, з 2008-га — стала. Сярод нашых студэнтаў славянскай філялёгіі большасьць палякаў, але ёсьць таксама ўкраінцы і беларусы. У дзевяностыя гады да нас прыяжджалі часам вучыцца беларусы зь Беласточчыны, цяпер ёсьць студэнты з самой Беларусі, але няшмат.
— А як увогуле паўплывалі на беларускую прысутнасьць у Любліне падзеі апошніх двух гадоў у самой Беларусі? Ці ёсьць нейкая статыстыка па колькасьці аселых у Любліне ўцекачоў зь Беларусі?
— Безумоўна, пасьля падзеяў 2020 году беларусаў у Любліне стала больш, але не ў такой ступені, як украінцаў пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. Статыстыкі я ня ведаю, але, думаю, можна гаварыць пра некалькі сотняў беларускіх эмігрантаў у Любліне.
— Ці паўсталі ў Любліне новыя беларускія арганізацыі і згуртаваньні? Ці ладзяцца беларускія сьвяты? Ці чуваць на вуліцах і ў грамадзкіх месцах беларуская мова?
— Ня ведаю пра моладзевыя арганізацыі і згуртаваньні. Але ў Любліне паўстала фундацыя-асяродак беларускай культуры «Досьвед» (Ірына Лапо), арганізаваны гурток вывучэньня беларускай і польскай мовы «Зэдлік» (Натальля Русецкая), і вось праводзіцца тэатральны фэстываль «Блізкі Ўсход» (арганізатары — рэжысэр Павал Пасіні і тэатразнаўца Ірына Лапо). Беларускую мову можна пачуць на ўнівэрсытэцкіх калідорах і на культурных імпрэзах (напрыклад, у Любліне таксама праводзілася вечарына памяці «Ноч расстраляных паэтаў»), на вуліцах і ў грамадзкіх месцах чуваць украінская мова альбо расейская, на якой пераважна гавораць уцекачы з усходняй Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускім кнігам у Польшчы не хапае прамоцыі». Размова зь перакладчыцай і літаратуразнаўцай Натальляй Русецкай— Які лёс, па-вашаму, чакае беларускіх эмігрантаў і іхных дзяцей у Польшчы ў цэлым і ў Любліне ў прыватнасьці? Асымілююцца? Захаваюць нацыянальную ідэнтычнасьць? Ваш асабісты досьвед і інтуіцыя што кажуць вам наконт гэтага?
— На гэтае пытаньне няма адназначнага адказу. Частка эмігрантаў асымілюецца, асабліва тая, якая да 2020 году і не задумвалася пра сваю нацыянальную ідэнтычнасьць. Некаторыя сем’і захаваюць беларускую самасьвядомасьць, нават калі не захаваюць мову. Неяк я быў сьведкам размовы пра нацыянальную прыналежнасьць трох падлеткаў, бацькі якіх былі беларусамі і пераехалі ў Польшчу. Адна дзяўчынка назвала сябе касмапаліткай, другі хлопчык — палякам беларускага паходжаньня, трэці — беларускім патрыётам. Я ў Любліне размаўляю і вяду заняткі на трох мовах у залежнасьці ад аўдыторыі: на беларускай, расейскай, польскай; з украінскімі студэнтамі мы чытаем тэксты па-ўкраінску.
— На сцэнах беларускіх тэатраў ставіліся многія вашы пʼесы. І вас заўсёды можна было сустрэць на прэмʼерных спэктаклях. Як вы думаеце, калі зноў зможаце прайсьціся па дывановых ходніках Тэатру опэры і балету, выпіць кавы ў буфэце Купалаўскага, абмеркаваць новую пастаноўку вашай пʼесы ў Тэатры беларускай драматургіі?
— Гэта вельмі балючае пытаньне. Але, спадзяюся, мы дажывем да таго часу, калі будзем глядзець спэктаклі купалаўцаў ня толькі ў Любліне, але і ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы від на жыхарства атрымалі больш за 50 тысяч грамадзян Беларусі