Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Гебрэесус паведаміў аб рэзкім скачку захворваньня на COVID-19 ва ўсім сьвеце. За мінулыя два тыдні, адзначыў ён, колькасьць заражэньняў вырасла амаль на 30%, што абумоўлена распаўсюдам падвідаў омікрону. Апроч вядомых мадыфікацый штаму выяўляюцца і новыя.
У Эўропе і Амэрыцы, па словах Гебрэесуса, большасьць выпадкаў захворваньня — штамы BA.4 і BA.5. Паралельна з гэтым у Індыі зьявіўся чарговы варыянт омікрону, яго назвалі BA.2.75. Ён валодае мацнейшай за папярэднія падвіды здольнасьцю ўзьдзейнічаць на імунітэт, таксама ёсьць дадзеныя пра яго большую заразнасьць.
За апошнія суткі ў Італіі зарэгістравалі 132 тысячы новых выпадкаў каранавірусу. Аналягічным чынам сытуацыя складваецца ў Нямеччыне, дзе інфэкцыю выявілі ў 130 тысяч пацыентаў, а ў Францыі заразіліся амаль 119 тысяч.
У Беларусі прырост з 11 траўня па 1 ліпеня склаў 11 170 чалавек. За паўтара месяца памерлі 140 чалавек з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй. Ачунялі 10 тысяч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У кастрычніку 2020-га мяне абвясьцілі „здраднікам беларускага народу“». Падкаст доктара Мартава «На вайне з COVID-19». 3-і эпізод ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Воспа малпаў выяўлена ў 48 краінах сьвету