Борыс Джонсан падаў у адстаўку, але будзе кіраваць да кастрычніка

Борыс Джонсан

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан падаў у адстаўку. Пра гэта ён заявіў падчас выступу. Джонсан працягне выконваць абавязкі прэм'ера да выбараў новага кіраўніка брытанскага ўраду, якія адбудуцца ў кастрычніку.

Джонсан пакінуў пасаду кіраўніка Кансэрватыўнай партыі і кіраўніка ўраду.

Свой зварот да нацыі Борыс Джонсан пачаў са слоў пра тое, што яго адстаўка — гэта жаданьне парлямэнцкай фракцыі Кансэрватыўнай партыі, і яму асабіста шкада сыходзіць з найлепшай у сьвеце працы.

Ён заявіў, што ганарыцца тым, чаго дасягнуў ягоны ўрад, на долю якога выпалі самыя складаныя часы як у агульнасусьветным пляне, так і ў маштабах краіны.

Джонсан таксама зьвярнуўся да народу Ўкраіны і запэўніў, што Брытанія працягне падтрымліваць яго пры любых абставінах і выканае ўсе свае абяцаньні.

«Мы працягнем падтрымліваць вашу барацьбу за свабоду так доўга, як спатрэбіцца», — сказаў ён.

Джонсан абвясьціў аб сыходзе пасьля таго, як ягонай адстаўкі запатрабавалі больш за 60 міністраў і высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку міністар адукацыі Надзім Захаві, якога Джонсан прызначыў на гэтую пасаду менш як два дні таму. У знак пратэсту супраць паводзін прэм'ера ўрад Вялікай Брытаніі пакінула ўжо каля паловы яго складу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 30 чалавек пакінулі ўрад Брытаніі

Борыс Джонсан увайшоў у лік брытанскіх прэм'ераў, якія займалі сваю пасаду найменш часу. Падлік вядзецца сярод кіраўнікоў дзяржавы, якія абіраліся з пачатку 1900-х гадоў.

Джонсан быў прэм'ерам два гады і 349 дзён — гэта сёмы радок у гэтым рэйтынгу.

Джонсан саступае нават сваёй папярэдніцы Тэрэзе Мэй, якая таксама пакінула сваю пасаду датэрмінова. Мэй пратрымалася ва ўладзе тры гады і 11 дзён.