Больш за 30 чалавек пакінулі ўрад Брытаніі

Борыс Джонсан

Больш за 30 чалавек пакінулі ўрад Вялікабрытаніі з прычыны страты даверу да прэм’ер-міністра Борыса Джонсана. Сярод тых, хто пайшоў у адстаўку, ёсьць як кіраўнікі міністэрстваў, так і дэпутаты, якія бяруць удзел у рабоце ўраду, ня будучы яго членамі.

Учора свае пасады пакінулі міністры аховы здароўя і фінансаў. Прычынай паслужыла прызначэньне Джонсанам на партыйную пасаду дэпутата парлямэнту Крыса Пінчэра. Сябра Кансэрватыўнай партыі абвінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях у стане алькагольнага ап’яненьня. Тыдзень таму Пінчэр пакінуў сваю пасаду.

Сёньня некалькі міністраў, якія звольніліся, зьвярнуліся да Джонсана зь лістом, у якім заклікалі прэм’ера пакінуць пасаду. Палітык у адказ заявіў, што не зьбіраецца гэтага рабіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Борыс Джонсан прапанаваў плян падтрымкі Ўкраіны з чатырох пунктаў

Камітэт брытанскай Кансэрватыўнай партыі ў панядзелак, 11 чэрвеня, правядзе выбары кіраўніцтва, да таго часу правілы зьмены партыйнага лідэра, якім цяпер ёсьць Джонсан, застануцца нязьменнымі, перадае тэлеканал Sky News са спасылкай на партыйныя крыніцы.

Адстаўкі брытанскіх міністраў і дэпутатаў адбываюцца на фоне актыўнай унутрыпартыйнай крытыкі Джонсана. У красавіку ён стаў першым у гісторыі прэм’ер-міністрам, абвінавачаным у парушэньні закону падчас знаходжаньня на сваёй пасадзе. Тады ён быў аштрафаваны за ўдзел у вечарынцы падчас усеагульнага карантыну, абвешчанага ягоным урадам з прычыны пандэміі COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя аштрафуе Борыса Джонсана за вечарыны падчас локдаўну

У пачатку чэрвеня Джонсан выйграў галасаваньне па вотуме недаверу, вылучанаму супраць яго яго калегамі з Кансэрватыўнай партыі.

Паводле апытаньняў, дзейнасьць прэм’ера не ўхваляюць больш за 70 працэнтаў брытанцаў.